Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Бібліяй у кошыку


Міхась Скобла
Міхась Скобла

Апошнія гадоў дваццаць Мікола Арочка пражыў, як Рабінзон на пустэльнай высьпе, як Дыяген у бочцы.

Сам казаў мне пра гэта падчас нашых нячастых сустрэчаў у вёсцы Вецявічы на Слонімшчыне. Забытая Богам і рэйсавымі аўтобусамі, амаль вымерлая вёска нездарма параўноўвалася ім зь неабжытай выспай і цеснай бочкай. Пагаварыць там доктару навук, паэту, аўтару дваццаці пяці кніг не было з кім. Хоць насамрэч днём зь ліхтаром па вуліцы хадзі, як той старагрэцкі філёзаф, у пошуку чалавека.

Асабліва з жыцьцём пустэльніка было цяжка звыкнуцца ў першыя гады пасьля разьвітаньня са сталіцай, дзе трагічна загінулі два ягоныя сыны. Іх сьмерць і змусіла згараванага бацьку пакінуць Менск, Акадэмію навук, якой аддаў больш за дваццаць гадоў жыцьця. Думаў — праца на зямлі верне сілы, ня дасьць упасьці ў беспрасьветны смутак. І не памыліўся. Але без інтэлектуальнага асяродку сумаваў. Калі мы зь Сяргеем Чыгрыном прыяжджалі ў адведкі — доўга не адпускаў, пра ўсё распытваў, чытаў свае новыя вершы, якія чамусьці, як змовіўшыся, перасталі друкаваць сталічныя выданьні.

Мікола Арочка і Сяргей Чыгрын
Мікола Арочка і Сяргей Чыгрын


Адзінай сувязьзю са сьветам быў грувасткі радыёпрымач яшчэ савецкага вырабу, па якім вецявіцкі пустэльнік слухаў пераважна «Свабоду». Але неяк у пакінутую незамкнёнай хату залезьлі невядома адкуль прыбылыя зладзеі. Вынесьлі старую лядоўню, сапсаваны пыласмок, нешта з апраткі і, галоўнае, друкарку і прымач. Ні па чым так не бедаваў гаспадар хаты, як па дзьвюх апошніх рэчах.

Мы падгаворвалі яго пісаць успаміны, а ён адмахваўся — хлопцы, няма калі. Паказваў свае спрацаваныя рукі, ківаў на сялянскі рыштунак пры хаце. І, як далёкія продкі ў XIX стагодзьдзі, што ня ведалі ніякай мэханізацыі, хадзіў за плугам, касіў касой траву, даглядаў жывёлу і птаства. «За першыя сем летаў тут я накасіў сто вазоў сена!». Мы нават уявіць не маглі тых стагоў, якімі можна было заставіць палову Слонімскага раёну. Якія там успаміны...

А расказваць умеў і меў пра што. Пра сваё навучаньне ў заходнебеларускай польскай школе, дзе гадзінаў на беларускую мову і літаратуру адводзілася больш, чым у Беларусі лукашэнкаўскай. Як потым працягваў вучыцца ў беларускай школе пры немцах — па хрэстаматыі Дварчаніна і граматыцы Тарашкевіча. Як потым тую школу спалілі савецкія партызаны, хоць месьцілася яна ў гэтак званым Народным доме, збудаваным на грамадзкія складкі.

Як яшчэ падлеткам трапіў у сьпісы раскулачаных. Як разам з маці хаваўся ад «чорнага ворана», накліканага вучнёўскімі, падазронымі з гледзішча савецкай улады, вершамі. Як потым стаяў пад расстрэлам на падпаленым немцамі хутары.

Як быў самым заўзятым чытачом мясцовай Вялікакракоцкай бібліятэкі, што ў свой час камплектавалася наўпрост зь віленскіх беларускіх выдавецтваў і кнігарняў. Бібліятэка пазьней атрымала імя Янкі Купалы, і яе неаднойчы наведвала ўдава першага народнага паэта — Уладыслава Луцэвіч. Дык вось, улюбёнаму ў беларускую кнігу падлетку зь Вецявічаў нават дазвалялася начаваць у бібліятэцы, і ён да сьвітаньня чытаў Купалу, Коласа, Багдановіча, Гарэцкага, Танка...

У вершах Міколы Арочкі жыла і змагалася Заходняя Беларусь, падымала народ статысячная Грамада, галадалі палітзьняволеныя на Лукішках. Ён ажыўляў гісторыю. Яшчэ ў 70-я гады, калі ў айчыннай гістарыяграфіі панавала абэцадаршчына, паэт напісаў дзьве выдатныя драматычныя паэмы — «Курганьне» і «Крэва» (выйшлі пад адной вокладкай у 1982-м), дзе вялікія князі Ягайла і Вітаўт зьвярталіся да чытача на дзяржаўнай мове ВКЛ — беларускай. А якой раскошай для нас, студэнтаў, былі аўтарскія камэнтары да згаданых паэмаў! Камэнтары тыя «цягнулі» на энцыкляпэдычныя артыкулы! Зь іх можна было даведацца пра жыцьцяпісы вялікіх князёў, навыпісваць старабеларускай лексыкі: маргасьлепы, долнік, зжэніна (каханка)... Гэта ў «Крэве» я вышукаў назву для свайго першага паэтычнага зборніка «Вечны Зьніч», пра што аўтару праз гады было прыемна пачуць у занесеных сьнегам Вецявічах.



Зачытаную і заканспэктаваную кнігу «Курганьне. Крэва» ў мяне скралі ў студэнцкім інтэрнаце. Пачуўшы пра гэта, паэт выцягнуў аднекуль з-пад стала і надпісаў свой асобнік. Дарма, што пераплёт у ім аказаўся пагрызены мышамі, ад якіх не было ратунку ў старой, месцамі дарэшты збуцьвелай хаце. Той пагрызены асобнік і цяпер стаіць у мяне на ганаровай паліцы.

Восем тысячаў чытачоў «Крэва» (гэткі наклад кнігі) спускаліся разам зь Вітаўтам у лёхі Крэўскага замка, прысутнічалі пры зацятых спрэчках Вітаўта зь Ягайлам, чулі лямэнтацыі Вітаўтавай кароны, якая так і не даехала да Вялікага Княства:

Мяне перанялі велькапаляне.
Ніводзін зьвер ня знаў такіх засад!
На кожнай сьцежцы — біскуп ці магнат.
І меч. То ж на карону паляваньне!
Мяне, расьсекшцы мечам надвая,
Прыцьвікавалі ў Кракаўскім саборы...
Як сымбалічна са сьцяны гаворыць
Пра еднасьць душ, пра лёс наш плоць мая!


Падчас апошняга свайго наезду ў Вецявічы я застаў Міколу Арочку над новай гістарычнай паэмай. «Каранацыю Міндоўга» ён пісаў марудна і пакутліва. Пісаў асадкай, якую не хацелі трымаць пакручаныя цяжкай фізычнай працай пальцы. «Страціў кваліфікацыю,» — аджартоўваўся. Але было відно, што не супакоіцца, пакуль не паставіць апошнююю кропку. Меў за арыенцір паэму «Mindaugas» літоўца Юсьцінаса Марцінкявічуса, зь якім, дарэчы, ліставаўся. Зразумела, што Арочкаў Міндоўг шмат у чым адрозьніваўся ад Mindaugasа, які каранаваўся ў горадзе зь дзіўнай назвай Haugardukas.

Складаючы анталёгію беларускай паэзіі «Краса і сіла», я меўся ўлучыць у яе Арочкаву «Баляду пра няскошанае жыта». Арыгінальная па задуме, яна, аднак, не задавальняла мяне сваім фіналам. Не памятаю ўжо, чым канкрэтна. І я не прыдумаў нічога лепшага, як напісаць аўтару ультыматыўны ліст: альбо дапрацоўваеце сваю баляду, альбо ў анталёгію яна ня трапіць... У лепшым выпадку чакаў маўчаньня, у горшым — адлупу. Мікола Арочка выканаў умову і нават не паўшчуваў складальніка за нахабства!

Далікатны ў абыходку зь людзьмі і з кожнай жывой істотай, ён і ў слове адчуваў і вычуваў кожны гук. Мог па-майстэрску ва ўласны верш уплесьці фальклёрны малюнак: «Іду, як заварожаны, / а сьпеў плыве з-за гаці: / ня ўсе лугі пакошаны, / ня ўсе сенажаці». І дзе тут народнае, а дзе Арочкава?

Урабляючы зямлю і даглядаючы козаў, косячы свае незьлічоныя стагі сена, паэт у апошнія гады зусім заняпаў здароўем. А тут яшчэ ў вёсцы аб’явіўся адзін зацяты прыхільнік палітыкі дзейнага прэзыдэнта. Палітычныя дыскусіі і спрэчкі, што важней — каўбаса ці мова, здароўя, вядома, не дадавалі. Сілы пакідалі Арочку. Вось адзін зь яго апошніх вершаў «Падсочка», які я запісаў на дыктафон: «Дажываюць сосны бору. / Бор той не стары. / Галаву задзёршы ўгору, / ходзяць там майстры i разцом шваргочуць моўчкі. / Крапне з-пад ляза / не жывіца ад падсочкі, / а бурштын-сьляза. / Льецца ў посуд, нібы ў лейку, / праз канаўку-роў. / Меднастволіцам — паўвеку. / Маладая кроў... / Ды заступніцкае моцы / я ня маю тут. / Сам я чуюся ў падсочцы, / як і ўвесь мой люд». «Падсочанага» хваробамі паэта даглядалі жонка Марыя і ўнук Валерык, які, дарэчы, сьледам за дзедам пачаў пісаць вершы на роднай мове.

Аднойчы, прыехаўшы ў Вецявічы, я пабачыў сапраўдны букалічны краявід. Мікола Арочка сядзеў на поплаве пад зьдзічэлай яблыняй, а вакол яго пасьвіўся цэлы статак козаў. Наводдаль скублі траву каровы і раз-пораз рыкалі ў вялікія доўгія трубы, зрыхтаваныя для газаправоду Ямал-Эўропа. «Зірні — ім падабаецца трубіць і чуць рэха,» — сказаў паэт-пастух. Мы яшчэ тады памеркавалі, куды каровы хутчэй дарыкаюцца — да Ямалу, ці да Эўропы.



І на пашы, і на сенажаці Мікола Арочка не разлучаўся з лазовым кошыкам. А ў тым кошыку — рукапісы і Біблія. Рукапісы ён увесьчасна дапісваў і дапрацоўваў, а Біблію чытаў у любую вольную хвіліну. У тую нашу апошнюю сустрэчу яго вельмі цікавіла Эвангельле ад Яна, ён нават некалькі разоў паўтарыў: «І Слова стала плоцьцю, і ўсялілася ў нас, поўнае мілаты і праўды».

І слова Міколы Арочкі таксама было напоўненае праўдай і мілатой. Мабыць, і ў свой апошні шлях ён выправіўся з той зачытанай у стагах і заношанай у кошыку беларускай Бібліяй.
  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG