Турэччына — асноўны кірунак сталічнай турфірмы “ЛатІнСэрвіс”. Але напярэдадні новага сэзону супрацоўніца фірмы Марыя Рацынэ мае вялікі сумнеў, што сёлета давядзецца працаваць паводле звыклага сцэнару.
(Рацынэ: ) “Што тычыцца Турэччыны — будуць праблемы. Тры ракеты ўжо выпадкова выбухнулі на тэрыторыі краіны. Пакуль у пустэльні, а як будзе надалей, можна толькі здагадвацца. Натуральна, што ў зьвязку з гэтым непасрэдна турыстычныя базы будуць прапаноўваць нізкія кошты, паколькі ніхто асабліва туды і не паедзе. Але прагназуецца, што дастаткова дарагім будзе пералёт, паколькі растуць кошты на нафту. Таму зараз турфірмы тэрмінова пераарыентоўваюцца на прыбалтыйскія кірункі, зноў будзе запатрабаваная Баўгарыя і, як ні дзіўна, Беларусь. Але бальшыня турапэратараў схіляецца да адной высновы: пэрспэктывы зусім сумныя”.
Высновы іншых турапэратараў не такія кардынальныя. Зінаіда Максімава, кіраўніца фірмы “Тэб-Тур”, што спэцыялізуецца на Эгіпце, лічыць: ня столькі вайна на Блізкім Усходзе перашкодзіць гэтым разам адпачываць беларусам. Галоўная праблема — неплатаздатнасьць людзей.
(Максімава: ) “Калі меркаваць па вясновых канікулах, то летась у Эгіпэт адляцела болей людзей. Але пазалетась колькасьць была яшчэ большай. Таму сьпісваць толькі на вайну нельга: зьніжаецца агульны ўзровень жыцьця беларусаў. Натуральна, пэўная частка баіцца вайны. Расейцы ў гэтым сэнсе больш бестурботныя. Беларусы не такія экстрэмальныя, хоць спакуса застаецца: кошты на Эгіпэт проста сьмешныя, зьніжкі ідуць кожны дзень. Іншая справа, што пералёт зь Менску дарагі: “Белавія” нічога ня робіць, каб цэны зьнізіць. Лётаць, мяркую, будуць, бо адмовіць сабе ў адпачынку за 200 даляраў сапраўды цяжка. Хоць, натуральна, шмат хто вернецца на лецішчы, будзе сядзець у градах ды карміць камароў”.
Тым часам, беларусы, якія працуюць у некаторых эгіпэцкіх гатэлях, канстатуюць: суайчыньнікаў бачаць вельмі рэдка. І ўвогуле, гатэлі на ўзьбрэжжы Чырвонага мора паўпустыя. Вось, у прыватнасьці, што кажа супрацоўніца рэцэпцыі гатэлю “Royal Azur” у Хургадзе Ганна Анцілеўская:
(Анцілеўская: ) “Беларускіх турыстаў вельмі мала. Добра, калі за месяц замаўляюць два-тры пакоі. Заезды ў гатэль кожны аўторак, але беларусаў амаль няма. Натуральна, хацелася бы бачыць землякоў больш. Але пераважна масквічы едуць”.
А вось кіраўнік яшчэ адной менскай фірмы “Сакуб” Сяргей Букас упэўнены, што вайсковая апэрацыя ў Іраку завершыцца да пачатку турыстычнага сэзону, а таму панікаваць раней часу ня трэба.
(Букас: ) “Калі ўсё скончыцца да сэзону, нічога асабліва ня зьменіцца. Прынамсі, ад нас турысты ў гэтыя рэгіёны як лёталі, так і лётаюць. А зараз ніхто ня ведае — магчыма, праз тыдзень усё і скончыцца. У любым выпадку, нашым людзям чым таньней, тым лепей. Каб ім даплачвалі, яны б яшчэ і ваявалі там. Што тычыцца Турэччыны, то краіна не дазволіла перамяшчэньня па сушы амэрыканскай тэхнікі й войскаў, таму з чаго раптам павінны ўзьнікнуць складанасьці?”
Болей як трыста беларускіх турыстычных фірмаў зь пяці сотняў прапануюць адпачыць у Турэччыне, Эгіпце, іншых краінах Блізкага Ўсходу. Неакрэсьленасьць сытуацыі, нягледзячы нават на зьніжэньне коштаў, пужае многіх патэнцыйных турыстаў Беларусі.