Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Садавод: «Свае яблыкі я выношу за агарод у канал»


Чарга машын на гомельскі вінзавод, каб здаць яблыкі на перапрацоўку яблыкі
Чарга машын на гомельскі вінзавод, каб здаць яблыкі на перапрацоўку яблыкі

На Гомельшчыне сёлета ў многіх раёнах урадзілі яблыкі, а падзець іх няма куды. Адзінымі перапрацоўшчыкамі іх, па сутнасьці, зьяўляюцца вінзаводы, вакол якіх зьбіраюцца вялікія чэргі.

25 жніўня ў Гомелі на вуліцы Рагачоўскай, дзе месьціцца мясцовы вінзавод, утварылася ладная чарга. Вялікагрузныя машыны запаланілі вуліцу. Нават апошнія зь іх стаяць каля пяці гадзінаў.

Нарыхтоўшчыца з Лоеўскага раённага таварыства апавядае: «Мы вось тут прастойваем. У Рэчыцы вінзавод не працуе, прыватнае прадпрыемства „Данапрыс“, якое выпускала сокі, таксама. Прымае яблыкі адзін гомельскі вінзавод. Утварылася такая чарга, бо заводы нясвоечасова перапрацоўваюць яблыкі. Відаць, трэба, каб было яшчэ нейкае прадпрыемства для перапрацоўкі, апрача вінзаводу».

Вяскоўцы, у сваю чаргу, мала спадзяюцца на нарыхтоўшчыкаў з спажывецкай каапэрацыі. Вязуць яблыкі ды іншую садавіну на кірмашы альбо наагул, як, да прыкладу, у вёсцы Акцябр Буда-Кашалёўскага раёну, становяцца ля шашы Гомель—Магілеў і гандлююць імі, што называецца, зь зямлі.

Мясцовая жыхарка спадарыня Валянціна: «Сёлета яблыкі ўрадзілі, шмат яблык. Вось і прадаем на трасе. Казалі, што прымае іх мясцовая крама, але танна — па 500 рублёў за кіляграм. Танна! Гэта што ж, расьці гэты яблык — і за бясцэнак здай? Лепш на крышэнь скрышыць і закатаць кампот. А калі цукар патрэбны, то трэба во тут прадаваць».

Пэнсыянэрка, якая прапануе садавіну па другі бок бойкай шашы, кажа, што здаць яблыкі ў мясцовую краму спажывецкай каапэрацыі нават за малы кошт зусім няпроста:

«Калі б было куды здаць, мы б тут не стаялі. Трэба, каб тут сапраўды прымалі яблыкі, прымалі лішнюю бульбу — усё, што ёсьць у людзей лішняе, каб прымалі. А мы ўсё лішкі выкідваем. Калі ж прыйдзем да дарогі, то нас пастаянна тут ганяюць — падатковая ганяе, дырэктар саўгасу ганяе, думае, што прадаем саўгасныя яблыкі. Куды нам бегчы? А мы ж на пэнсіі, а з пэнсіі не пражывеш. Дык хоць прадаць — шкада ж выкідваць».

У сваю чаргу прадавачка мясцовай крамы сьцьвярджае, што закупка яблык у насельніцтва залежыць ад раённага спажывецкага таварытва:

«Як машыну дадуць! Бо яблыкі калі тыдзень паляжаць, то яны ж пагніюць. Гэта ж страты! Таму мы тэлефануем у свой райспажыўсаюз, нам кажуць: дадуць заўтра машыну — і мы сёньня прымаем».

Мясцовы садавод Уладзімер удакладняе, што на бягучым тыдні прымалі яблыкі ўсяго два дні. Садавінай аб’еліся нават суседзкія гусі й козы — дзяваць яе проста няма куды: «Прызнаюся, свае яблыкі я выношу за агарод у канал. І я ўжо ссыпаў у канал прыкладна каля тоны».

Вяскоўцы згадваюць, што калісьці ў Акцябры быў свой вінзавод. Ён прымаў яблыкі. Завод даўно закрылі. Апрача таго, тут каля 300 тон яблык клалі ў сховішча для больш позьняй рэалізацыі. Цяпер нічога гэтага няма. Былы саўгас «Чырвонаакцябрскі» аб’ядналі з трыма іншымі. Новае кіраўніцтва лічыць, што на яблыках і ягадах асабліва не заробіш.

Садавод Уладзімер пагаджаецца, што яблыкі мясцовых гатункаў значна саступаюць тым жа польскім па працягласьці ляжаньня. І паказвае яблык:

«Беларускі гатунак, беларускай сэлекцыі — прыгажэйшы за польскія. Называецца „Праменнасьветлае“. Я купіў саджанка й за восем гадоў сам вырасьціў. Бачыце, прыгожыя яблыкі, але яны не захоўваюцца».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG