Амэрыканскі часопіс Foreign Policy апублікаваў два артыкулы Зьбігнева Бжэзінскага. У хуткім часе выйдзе ў сьвет яго новая кніга «Стратэгічная канцэпцыя: Амэрыка і крызіс глябальнай моцы». На думку Бжэзінскага, магчымы — хоць і не непазьбежны — заняпад Злучаных Штатаў пагражае нэгатыўнымі наступствамі ўсяму сьвету.
«Калі ласка, не дайце Амэрыцы прыйсьці ў заняпад занадта хутка», — нядаўна папрасіў адзін кітайскі чыноўнік свайго амэрыканскага калегу. Заняпад Амэрыкі зусім не прадвызначаны, але кітаец справядліва асьцерагаецца, што наступствы будуць нэгатыўныя — няпэўнасьць на міжнароднай арэне, абвастрэньне канфліктаў паміж глябальнымі супернікамі і нават адкрыты хаос.
Наступствам заняпаду Амэрыкі стане не зьдзяйсьненьне мары аб дэмакратыі, а мадэлі ўзмоцненай нацыянальнай бясьпекі, заснаваныя на розных гібрыдах аўтарытарызму, нацыяналізму і рэлігіі.
Лідэры сусьветных дзяржаў «другога рангу» — у тым ліку Індыі, Японіі, Расеі і некаторых эўрапейскіх краін — ужо вылічаюць наступствы заняпаду ЗША. Расея, мабыць, адчувае нават злараднасьць у сувязі з нявызначанымі пэрспэктывамі Амэрыкі, яна амаль напэўна прыглядаецца да незалежных дзяржаваў — былых рэспублік СССР.
Кітай ўсьведамляе, што шлях да посьпеху — ня рэзкі крах цяперашняй будовы сьвету, а паступовае пераразьмеркаваньне моцы. Але калі паўстане напорысты кітайскі нацыяналізм, абвострацца адносіны з суседзямі, і Азія XXI стагодзьдзя стане падобнай на Эўропу ХХ стагодзьдзя з крыважэрнасьцю і гвалтам.
Заняпад ЗША небясьпечны і для шэрагу слабых дзяржаў
Аслабленьне ЗША падарве партнэрства з Мэксыкай: у ЗША ўзмоцняцца нацыяналізм і страх за сваю бясьпеку, а мэксыканскі бок выставіць тэрытарыяльныя прэтэнзіі.
Аслабне кантроль міжнароднай супольнасьці над марскімі шляхамі, космасам, кібэрпрасторай і навакольным асяродзьдзем — сфэрамі, дзе пакуль што ўсюдыйснасьць амэрыканскай моцы наводзяць парадак там, дзе ў іншым выпадку адбываліся б канфлікты.
ЗША мусяць альбо праводзіць у жыцьцё новую замежнапалітычную стратэгію альбо рыхтавацца да глябальных забурэньняў.
Аслабленьне глябальнай ролі ЗША пагражае рэгіянальнымі канфліктамі — мяркуе Бжэзінскі, ён называе восем краін, якія прайграюць ад заняпаду Амэрыкі.
1. Грузія стане больш безабароннай перад палітычным запалохваньнем і ваеннай агрэсіяй з боку Расеі, гэта пагражае ўсталяваньнем расейскага кантролю над паўднёвым" калідорам "нафтагазавага забесьпячэньня Эўропы, магчымым ўзмацненьнем ціску на Эўропу, каб яна зьмірылася з палітычнымі мэтамі Масквы,"эфэктам даміно" ў Азэрбайджане.
2.Тайвань стане больш безабаронным перад ціскам Кітаю і падпадзе пад чары яго эканамічных посьпехаў. Узьяднаньне наблізіцца, але на ўмовах, выгадных хутчэй Пэкіну.
3. Паўднёвая Карэя апынецца перад дылемай: зьмірыцца з рэгіянальным панаваньнем Кітаю або ўмацаваць адносіны з Японіяй. Гэта пагражае небясьпекай для ваенна-эканамічнай стабільнасьці на Карэйскай паўвыспе і крызісам даверу Японіі і Паўднёвай Карэі да існых абавязацельстваў ЗША.
4. Прыкметны заняпад Амэрыкі дасьць Расеі шанец бязь усякай рызыкі далучыць да сябе Беларусь. Ад гэтага пахісьнецца бясьпека краінаў Балтыі, асабліва Латвіі.
5. У Эўропы аслабнуць жаданьне і магчымасьці інтэграваць Украіну ў заходнюю супольнасьць, гэта пагражае адраджэньнем імпэрскіх амбіцый Расеі.
6. Калі амэрыканскія войскі тэрмінова будуць выведзеныя з Аўганістану, вельмі верагодны распад краіны і суперніцтва суседзяў за ўплыў на яе. Гэта пагражае адраджэньнем Талібану, індыйска-пакістанскай вайной «чужымі рукамі» і зьяўленьнем прытулку для міжнароднага тэрарызму.
7. Пакістан можа перарадзіцца ў дзяржаву пад кіраваньнем вайскоўцаў, радыкальную ісламіскую краіну з камбінаваным ваенна-ісламіскім кіраваньнем альбо ў квазідзяржаву без цэнтральнай улады. Гэта пагражае зьяўленьнем палявых камандзіраў з ядзернай зброяй, прыходам антызаходняга ўраду тыпу іранскага, ўзброенага ядзернай бомбай, рэгіянальнай нестабільнасьцю ў Цэнтральнай Азіі, прычым гвалт патэнцыйна можа выплюхнуцца ў Кітай, Індыю і Расею.
8.У Ізраілі, а таксама на «Вялікім Блізкім Усходзе» ў цэлым заняпад Амэрыкі справакуе сапраўдныя «тэктанічныя зрухі», якія падарвуць палітычную стабільнасьць. Гэта пагражае наўпроставай канфрантацыяй Ізраіля або ЗША зь Іранам, ростам ісламіскага радыкалізму і экстрэмізму; сусьветным нафтагазавым крызісам, які зробіць слабымі саюзьнікаў ЗША ў Пэрсыдзкай затоцы.
Камэнтар аглядальніка "Свабоды" Юрыя Дракахруста:
Варта адзначыць, што беларуская ўлада, гледзячы па ўсім, у прынцыпе ўсьведамляе ролю, якую адыгрываюць Злучаныя Штаты як канчатковы гарант беларускага сувэрэнітэту, незалежна ад таго, як складваюцца стасункі паміж Вашынгтонам і афіцыйным Менскам. Напрыканцы 2010 году падчас сустрэчы з амэрыканскімі аналітыкамі Аляксандар Лукашэнка выказаў «крайнюю зацікаўленасьць у захаваньні амэрыканскай прысутнасьці на постсавецкай прасторы». Магчыма, гэта было проста знакам ветлівасьці і жаданьнем спадабацца суразмоўцам, але магчыма і вынікам разуменьня ролі Злучаных Штатаў на постсавецкай прасторы.