Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БНФ абяцаюць выселіць


Сядзіба БНФ у Менску
Сядзіба БНФ у Менску
У Менгарвыканкаме пацьвердзілі рашэньне аб высяленьні Партыі БНФ зь сядзібы на Машэрава, 8.

Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, які сустрэўся з намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму.

"Ён пацьвердзіў, што ёсьць намер нас выселіць. І як толькі скончыцца тэрмін дзеяньня дамовы, то будуць спрабаваць нас высяляць. Я сказаў, што мы будзем адстойваць сваё права на працяг дамовы праз суды. На гэта ў нас ёсьць два месяцы пасьля заканчэньня дамовы. Ён сказаў, што гэта наша права. Але намер на высяленьне ёсьць, і ён будзе пацьверджаны. Нам параілі шукаць новае памяшканьне", распавёў Рыгор Кастусёў.

Дамова арэнды заканчваецца 1 красавіка.

Спадар Кастусёў сказаў, што кіраўніцтва БНФ пакуль не рабіла захадаў па пошуку іншых памяшканьняў. Ён нагадаў, што старшыня ўпраўленьня маёмасьці па Менску год таму падпісаў дазвол на заключэньне з гэтага году дамовы арэнды на тры гады.

"Атрымліваецца так, што левая рука ня ведае, што робіць правая", сказаў Кастусёў.

Прадстаўнікі ўладаў спасылаюцца на тое, што Партыя БНФ неаднаразова парушала тэрміны аплаты арэнды памяшканьня і камунальных паслугаў.

"Канечне, такія факты былі ў 2009 годзе, на этапе перадачы спраў ад былога старшыні Аляксею Янукевічу. Пасьля зьезду было шмат запазычанасьцяў, і пакуль гэтае пытаньне было вырашана, то былі праблемы".

Кіраўніцтва Партыі БНФ правяло шэраг перамоваў з кіраўніцтвам гораду і ЖРЭО Савецкага раёну, якое выступае арандадаўцам памяшканьня.

У апошняе наведаньне Менскага гарвыканкаму Рыгор Кастусёў сустракаўся з адным з намесьнікаў старшыні, які пацьвердзіў намер выселіць БНФ зь сядзібы на Машэрава, 8.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG