“Усё адбылося пасьля таго, як Лукашэнка сказаў, што гатовы прадаць “Белтрансгаз” і гатовы запусьціць праект адзінай мытнай прасторы толькі ў абмен на пэўныя саступкі”, – падкрэсьлівае Сіманаў. Паводле яго, гэтыя два моманты зьяўляюцца ключавымі. Масква, як лічыць гендырэктар, ніякай доўгатэрміновай стратэгіі ў дачыненьні да Беларусі ня мае, але мае пэўны інтарэс да гэтай дзяржавы, у тым ліку і адносна кантролю над магістральнай трубой у Заходнюю Эўропу. Крэмль тут выкарыстоўвае стратэгію пугі і перніка: спачатку прыдушыць Беларусь, а потым адпускае. І цяпер надышоў пэрыяд гэтага самага прыдушваньня.
На думку Сіманава, і зараз будзе рэалізаваны дзейны сцэнар: Расея адключыць газ на паўдня ці на дзень, пасьля чаго ўсё ж удасца дамовіцца пра цану, напрыклад, акцыяў “Белтрансгазу”, або пра мытны саюз, або пра тое і другое.
Расея, кажа Сіманаў, гатовая купіць “Белтрансгаз”, нягледзячы на будаўніцтва “Паўночнага патоку” і “ Паўднёвага патоку”. Аб’ём гэтых дзьвюх трубаў, калі яны будуць дзейнічаць, складае 118 мільярдаў кубамэтраў за год. Гэта азначае, што з ранейшых краінаў-транзытэраў некага ўсё ж прыйдзецца захаваць – Украіну ці Беларусь. Можна адкінуць Украіну, захаваўшы Беларусь; або можна адкінуць Беларусь, часткова пакінуўшы Ўкраіну. Гэта значыць, што Расеі нейкая з трубаў – або “Белтрансгаз”, або “ Нафтагаз” – усё роўна цікавая.
Канстанцін Сіманаў у сваім камэнтары для Радыё Свабода між тым адзначае, што ніхто ва Ўкраіне ці Беларусі ня думае катэгорыямі наступных 10-15 гадоў, таму іх асабліва не хвалюе рэпутацыя. “Гэта краіны–шантажысты, якія выбіваюць палітычныя і эканамічныя капіталы, карыстаючыся манапольным становішчам транзытнай краіны”, – падагульняе Сіманаў.