Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сурыкаў пра нафту і газ для Беларусі


Запазычанасьць Беларусі за пастаўлены расейскі газ складае больш як 190 мільёнаў даляраў, і гэта "ўскладняе сытуацыю". Такая запазычанасьць — "парушэньне кантракту".

Пра гэта заявіў журналістам пасол Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў, паведамляе Інтэрфакс.

Ён адзначыў, што яшчэ ў мінулым годзе была вусная дамоўленасьць плаціць паводле сярэднегадавой цаны і была дадзеная згода на адзіную цану ў 140—150 даляраў за тысячу кубамэтраў газу.

"Але ў гэтым годзе сытуацыя іншая: цана на нафту і газ расьце, а беларускі бок плаціць паводле вусных дамоўленасьцяў 2009 году. Доўг ёсьць, тэндэнцыі яго зьніжэньня ня бачна, ня бачна такой магчымасьці, як была ў мінулым годзе".

Кажучы пра дзеяньні беларускага боку, А.Сурыкаў выказаў меркаваньне, што гэта можа быць выклікана недахопам валюты, а таксама надзеяй на дасягненьне дамоўленасьцяў на чарговых перамовах.

Таксама А.Сурыкаў заявіў, што ў Расеі няма жаданьня ісьці на "беспадстаўнае павелічэньне паставак нафты ў Беларусь". Ён нагадаў, што, паводле дамовы, Расея паставіць бязмытна для ўнутраных патрэбаў Беларусі 6,3 мільёна тон нафты. Гэтая квота будзе перагледжаная ў верасьні 2010 году.

Ад сёньняшняга візыту А.Лукашэнкі ў Маскву "трэба чакаць таго, чаго хочуць беларускі і расейскі бакі".

"Мы не гатовыя на першым этапе дэмантаваць мыта на нафту і нафтапрадукты", — заявіў амбасадар Расеі. Ён сказаў, што бакам трэба думаць, як выходзіць з сытуацыі.

"Датаваньне адной дзяржавы за кошт другой — гэта няправільная рэч. Таму, хто выдае, непрыемна, і таму, хто атрымлівае, непрыемна і крыху прыніжальна", — сказаў А.Сурыкаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG