Другі дзень фэстывалю пачаўся з выступу магілёўскага гурту “Заточка”. Магілёўцы выступалі ў пляжных строях, чаго дагэтуль не рабіў ніводзін гурт. Затым былі польскі “Gate”, менскі “Rahis”, “Schody” зь Міхалова, менскі “Sок” ды “Rima” з Гарадка. Дарэчы, пасьля выступу менскага гурту шмат хто з гледачоў цікавіўся, дзе набыць іх кампакт-дыскі.
Пасьля 21 гадзіны журы фэстывалю абвясьціла ляўрэатаў конкурсу. Першым быў прызнаны гарадзенскі гурт TLUSTA LUSTA, які атрымаў асноўны прыз — бясплатны запіс альбому на Беластоцкім радыё. SPITAL/ F зь Менску заняў другое месца, а трэцім стаў гурт ГЛЮКІ з Магілёва.
Нагадаю, што ўсяго ў конкурсе бралі ўдзел 6 гуртоў. Яшчэ тры ўдзельнікі, згодна з інфармацыяй арганізатараў фэсту, так і не дабраліся да Гарадка з-за праблемаў зь візамі.
Але найбольш яркім і запамінальным выступам у гэты дзень стаў выхад надзвычай папулярнага тут гурту “Neuro Dubel”. Сабралася некалькі тысяч гледачоў, і ўсе пусьціліся ў скокі.
Наагул, атмасфэра ва ўрочышчы Борак, што побач з Гарадком на Беласточчыне, у гэтыя два дні панавала цудоўная: паўсюль гучала беларуская мова, моладзь танчыла зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, нават польскія гурты гукалі са сцэны “Жыве Беларусь!”
Нагадаю, што праграма фэстывалю цалкам трансьлявалася ў жывым эфіры тэлебачаньня БелСАТ і Радыё Рацыя.
Фотарэпартаж: удзельнікі “Басовішча” і іх фанаты