Пасьля пабояў Ільлю цяжка размаўляць. Але з тэлефоннай гутаркі можна зразумець, што перасьлед чыніць майстар вытворчага навучаньня групы нумар 267 Людміла Пішч. Вось што кажа юнак пра здарэньне, якое адбылося некалькі дзён таму:
“Яны ехалі ў аўтобусе. Перагналі мяне. Вылезьлі і пачалі біць і качаць па зямлі. Рабілі гэта майстар і аднагрупнікі. Я ня даўся, каб мяне зацягнулі ў аўтобус. А пра зьбіцьцё падаў заяву ў пракуратуру”.
Высьвятляю прычыны надзвычайнага здарэньня. Гутару з намесьніцай дырэктара Клецкага сельскагаспадарчага ліцэю па ідэалягічнай працы Зояй Пальчык. Яна тлумачыць:
“Я ўжо ў курсе. Мы толькі даведаліся, што ёсьць такая заява. Па-другое, сёньня Ільля прыйшоў на заняткі. Тая ж самая Пішч зрабіла яму заўвагу. У выніку ён пайшоў дадому”.
Меркаваньне ідэоляга вучылішча пра майстра Людмілу Пішч:
“Вельмі, вельмі даўно працуе. Ужо сёлета яна сыходзіць на пэнсію. Я яе не апраўдваю, калі такая сытуацыя сапраўды была”.
Рэдактар недзяржаўнай газэты “Бойкі Клецк”, праваабаронца Сяргей Панамароў паведамляе, што Ільля Мікуліч — мясцовы актывіст руху “За свабоду”. “За гэта і цярпіць”, — кажа суразмоўца:
“На юнака ідзе ціск ад пэдагогаў гэтага ліцэю. І сілу спрабуюць выкарыстоўваць. Сёньня вось зноў гэта працягваецца...”
Са словаў Сяргея Панамарова, на Клеччыне ўжо шмат маладых людзей удзельнічаюць у апазыцыйным руху. Сярод іх — школьнікі і ліцэісты.
“Ідуць і йдуць гуртам. Навіны прыносяць. Літаратуру бяруць і распаўсюджваюць. Праўда, я крышку крыўдую на кіраўнікоў “Маладога фронту” і на “Моладзь БНФ”. Я неаднаразова зьвяртаўся, каб прыяжджалі. Яны толькі абяцаюць”.