Нямецкі гурт Scooter прыляцеў у Крым 4 жніўня, каб заграць на музычным фэсьце ў Балаклаве. Гэтым яны парушылі закон Украіны, цяпер ім пагражае да 8 гадоў пазбаўленьня волі, паведаміла прэсавая сакратарка пракуратуры Крыма сайту «Крым.Реалии»:
«На зварот народнага дэпутата Вярхоўнай Рады Ўкраіны Дзьмітра Белацаркоўца пра парушэньне патрабаваньняў украінскага заканадаўства калектывам нямецкага гурту Scooter, пракуратурай Аўтаномнай Рэспублікі Крым унесены зьвесткі ў Адзіны рэестар дасудовых расьсьледаваньняў паводле артыкулу 332-1 КК Украіны па факце парушэньня іншаземцамі парадку ўезду на часова акупаваную тэрыторыю Ўкраіны і выезду зь яе (да 8 гадоў пазбаўленьня волі)», — апавяла прэс-сакратарка.
Пракуратура зьбіраецца дапытаць удзельнікаў гурту, для чаго накіруе запыты ў кампэтэнтныя органы Нямеччыны.
Франтмэн Scooter Эйч Пі Бакстэр раней заявіў у камэнтары агенцтву dpa, што гурт бачыць ва ўдзеле ў фэстывалі «выключна музычную падзею».
Апроч Scooter, удзельнікамі фэстывалю ZBfest у анэксаваным Крыме пазначаныя гурты «Ленинград», «Бригада С», «Серьга», «Градусы», Дима Билан, Lʼone.
Некаторым з артыстаў, якія выступілі на анэксаванай тэрыторыі або выказаліся ў падтрымку расейскай анэксіі Крыма, забаранілі ўезд ва Ўкраіну.