Заснавальнік WikiLeaks Джуліян Асанж на пасяджэньні фэдэральнага акруговага суду Паўночных Марыянскіх астравоў (тэрыторыя ЗША на ўсходзе Ціхага акіяна) прызнаў віну ў змове з мэтай атрыманьня і раскрыцьця зьвестак аб нацыянальнай абароне ў рамках заключанага пагадненьня з амэрыканскімі ўладамі.
Судзьдзя Рамона Манглона пасьля гэтага вызваліла яго ў сувязі з ужо адбытым тэрмінам у брытанскай турме, піша Reuters.
«Я лічыў, што Першая папраўка [Першая папраўка да Канстытуцыі ЗША гаворыць аб свабодзе слова і абвяшчае, што „Кангрэс не павінен выдаваць ніводнага закону, які абмяжоўвае свабоду слова ці друку...“] абараняе гэтую дзейнасьць, але я прызнаю, што гэта было <...> парушэньнем закону аб шпіянажы», — сказаў 52-гадовы Асанж у судзе. Ён таксама дадаў, што работа WikiLeaks будзе працягнутая.
Пасьля трохгадзіннага слуханьня Джуліян Асанж пакінуў будынак суду, не адказаўшы на пытаньні журналістаў. Затым на прыватным самалёце ён вылецеў у Аўстралію.
Усе астатнія і больш сурʼёзныя абвінавачаньні, якія маглі прывесьці да працяглага турэмнага тэрміну, былі зьнятыя. Улады ЗША таксама адклікалі свой запыт на яго экстрадыцыю, паведамляе Расейская служба BBC.
Асанж правёў у лёнданскай турме строгага рэжыму «Белмарш» 1901 дзень. У ЗША яго абвінавачвалі ў тым ліку ў абнародаваньні сакрэтных зьвестак аб ваенных апэрацыях у Іраку і Афганістане. Асноўным чалавекам, які арганізаваў выцек, быў вайсковец Брэдлі (Чэлсі) Мэнінг, а WikiLeaks толькі апублікаваў дакумэнты.
Паводле абвінаваўчага заключэньня, Асанж «неаднаразова падштурхоўваў свае крыніцы, у тым ліку Мэнінга, да таго, каб атрымліваць сакрэтную інфармацыю, красьці яе і перадаваць WikiLeaks для апублікаваньня». Як сьцьвярджаюць абвінаваўцы, сваёй публікацыяй ён «раскрыў імёны інфарматараў і сувязных», у тым ліку грамадзян Афганістану, Іраку, Кітая і Ірану, якія супрацоўнічалі з ЗША, што стала прычынай «сьмяротнай пагрозы» іхным жыцьцям.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Асанж выйшаў на волю ў абмен на прызнаньне віныУ 2010 годзе WikiLeaks апублікаваў відэа, на якім амэрыканскія вайскоўцы расстрэльваюць у Іраку здымачную групу агенцтва Reuters. У 2011 годзе былі апублікаваны дакумэнты аб 800 зьняволеных сакрэтнай турмы Гуантанама, у якой утрымліваюцца ў тым ліку дзеці. У 2015-м з дакумэнтаў стала вядома аб сачэньні амэрыканскіх спэцслужбаў за вядучымі сусьветнымі палітыкамі. У 2017 годзе былі апублікаваны дакумэнты аб спэцпадразьдзяленьні ЦРУ, якое выкарыстоўвае для шпіянажу тэлефоны, антывірусы і нават тэлевізары. Усе публікацыі выклікалі міжнародныя скандалы і расьсьледаваньні што да крыніц публікацый, так і наконт іх зьместу.
Дамагаючыся таго, каб яго ня выдалі ў ЗША, Асанж некалькі гадоў правёў у пасольстве Эквадору ў Лёндане на становішчы вязьня: краіна часова дала яму палітычны прытулак. Але пакінуць тэрыторыю пасольства ён так і ня змог, а з часам яго адносіны з эквадорскімі ўладамі рэзка сапсаваліся. У выніку 11 красавіка 2019 году брытанская паліцыя арыштавала заснавальніка WikiLeaks проста ў пасольстве, прайшоўшы туды на запрашэньне эквадорскіх дыпляматаў.
У Вялікай Брытаніі Асанж адбываў пакараньне за парушэньне ўмоваў вызваленьня пад заклад. У 2012 годзе ён быў абвінавачаны ў Швэцыі ў сэксуальных дамаганьнях. Паколькі гэтыя абвінавачаньні падпадалі пад крымінальны артыкул, Швэцыя выдала міжнародны ордэр на арышт Асанжа і па ім яго затрымалі ў Вялікай Брытаніі. Абарона Асанжа дабілася яго выхаду на волю пад заклад. Але, як толькі гэта было зроблена, Асанж неадкладна парушыў умовы вызваленьня і схаваўся ў пасольстве Эквадора.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд у Лёндане ня стаў настойваць на экстрадыцыі Джуліяна Асанжа