«Мясная» вайна заканчваецца

Расейская фэдэральная служба па вэтэрынарным і фітасанітарным кантролі скасавала забарону на ўвоз мясной прадукцыі ў Расею Гомельскаму, Жлобінскаму мясакамбінатам, Віцебскай і Гомельскай птушкафабрыкам і Скідальскаму агракамбінату. Раней было скасаванае абмежаваньне на пастаўкі прадукцыі Калінкавіцкаму мясакамбінату.

Забарона на ўвоз у Расею беларускай мясной і малочнай прадукцыі ў лістападзе й сьнежні праводзілася ў некалькі этапаў — па меры таго, як расейскі вэтэрынарны кантроль заяўляў пра падвышанае ўтрыманьне шкодных мікраарганізмаў, бактэрыяў ды антыбіётыкаў у каўбасе, ялавічыне ды птушыным мясе. Гомельскім, жлобінскім і віцебскім перапрацоўшчыкам увозіць у Расею сваю прадукцыю было забаронена з 26 лістапада. І вось праз два тыдні расейскія харчовыя крамы зноўку перад імі адчыніліся. Пра гэта паведаміў кіраўнік Дэпартамэнту вэтэрынарнага й харчовага кантролю Мінсельгасхарчу Беларусі Васіль Півавар.

Што ж зьмянілася — беларускія прадпрыемствы ўдасканалілі вытворчасьць, ці аслаблі прэтэнзіі расейцаў да экспарту харчоў зь Беларусі?

Тэхнолягі Гомельскага мясакамбінату сьцьвярджаюць, што ніякіх зьменаў у выраб сваёй прадукцыі ня ўносілі:

«З пункту гледжаньня тэхналёгіі ў нас нічога не мянялася — канкрэтна з гледзішча тэхналёгіі. Тэхналёгія вытворчасьці засталася ранейшай».

У вэтэрынарнай службе прадпрыемства схільныя лічыць, што забарона на ўвоз прынамсі іхняй прадукцыі была выклікана хутчэй палітычнымі матывамі, чым рэальнымі прэтэнзіямі да якасьці:

Прэтэнзіі ад пачатку былі неабгрунтаванымі. Гэта было чыста палітычнае пытаньне

«Прэтэнзіі ад пачатку былі неабгрунтаванымі. Гэта было чыста палітычнае пытаньне, пра што казаць нельга».

Мяса і ялавічыну ахалоджаную й замарожаную Гомельскага камбінату расейцы забракавалі з-за таго, што выявілі ў іх у вялікай колькасьці кішэчную палачку ды іншыя шкодныя мікраарганізмы. З гэтай жа прычыны былі прэтэнзіі і да вырабленай тут каўбасы.

Па выніках дасьледаваньня гомельскія вэтэрынары, у сваю чаргу, сьцьвярджаюць, што пры адборы пробаў на мяжы расейцы самі парушалі свае ж патрабаваньні:

«Пытаньні былі па адборы пробаў на мяжы імі ж самімі. Яны адбіралі пробы на расейскай мяжы, і трэба было іх цягам шасьці гадзінаў дастаўляць у лябараторыю. А яны дастаўлялі на наступны дзень, а то й праз два дні. Дзе яны захоўваліся, як адбіраліся — ніхто нічога ня ведае і пацьвердзіць ня можа. Магчыма, яны і ў лядоўні ў іх ляжалі, але ёсьць расейскія ГОСТы, дзе выразна напісана, што, напрыклад, ялавічына ахалоджаная адносіцца да прадуктаў, якія хутка псуюцца. І пробы на дасьледаваньне мусяць дастаўляцца цягам шасьці гадзінаў, а не праз 48 гадзінаў. Гэта парушэньне іхняга, расейскага стандарту ў справе мэтаду адбору пробаў і іх дасьледаваньня».

Суразмоўца кажа, што ў некаторых іншых выпадках пробы браліся не на мяжы, а ўжо ў расейскіх крамах, куды прадукцыю дастаўлялі невядома якім транспартам і невядома пасьля якога захоўваньня.

У аддзеле зьнешнеэканамічных сувязяў Жлобінскага мясакамбіната, які адказвае за экспарт прадукцыі, кажуць, што не ўдаваліся ў дэталі забаронаў ды дазволаў. Гэта — справа вэтэрынараў.

«Ёсьць афіцыйны ліст, што нам адкрылі. Я ў гэтыя тонкасьці не ўнікаю. Дастаткова таго, што нас адкрылі. Я проста прадаю мяса — і ўсё», — кажа прадстаўнік аддзела зьнешнеэканамічных сувязяў Жлобінскага мясакамбіната.

Спэцыялісты Калінкавіцкага мясакамбінату сьцьвярджаюць, што даволі грунтоўна вывучалі кожную прэтэнзію расейцаў да сваёй прадукцыі:

«Мы праводзілі сваё дасьледаваньне, выпраўлялі недахопы, адсылалі плян мерапрыемстваў і зробленага паводле яго наўпрост у Маскву — праз электронную пошту. Яны ўсё супаставілі. На ўсе заўвагі яны атрымалі адказы, што мы памылкі выправілі».

Тым часам прадукцыя іншых двух дзясяткаў беларускіх мясаперапрацоўчых і малочных прадпрыемстваў усё яшчэ знаходзіцца пад забаронай — увоз яе ў Расею абмежаваны. Прычым, у сямі беларускіх прадпрыемстваў расейская вэтэрынарная служба бракуе прадукцыю з прычыны выяўленага ў ёй генома ўзбуджальніка афрыканскай чумы сьвіней. Літаральна днямі з-за гэтага Рассельгаснагляд забараніў продаж прадукцыі ў Расею Ашмянскаму мясакамбінату.

На татальную забарону продажу беларускіх харчоў адазваўся і Аляксандар Лукашэнка, заявіўшы, што прычыну канфліктнай сытуацыі трэба шукаць не ў Беларусі, а ў Маскве.

Пакуль жа беларускія прадпрыемствы нясуць адчувальныя страты.

Вэтэрынарныя службы Беларусі й Расеі — на дамову беларускага віцэ-прэм’ера Міхаіла Русага і кіраўніка Рассельгаснагляду Сяргея Данквэрта, у зьвязку з выяўленай неадпаведнасьцю расейскаму заканадаўству і заканадаўству Мытнага саюзу некаторых партыяў харчовай прадукцыі — ладзяць цяпер сумесныя праверкі прадпрыемстваў — тых, якія пазбаўленыя магчымасьці прадаваць прадукцыю ў суседнюю краіну.