Ленінскі суд Менску аштрафаваў намесьніка старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага за арганізацыю дазволенага шэсьця ў Лошыцу на Дзяды.
Справу Юрася Беленькага разглядала Марына Запасьнік зь Ленінскага суду Менску. Яна прызнала былога дэпутата Вярхоўнага Савету, выканаўцу абавязкаў старшыні КХП-БНФ Юрася Беленькага вінаватым у парушэньні закону аб правядзеньні масавых мерапрыемстваў.
Паводле яе рашэньня, Юрась Беленькі як арганізатар шэсьця ў Лошыцкі Яр, якое адбылося 9 лістапада, ня выканаў рашэньня Менгарвыканкаму аб аплаце паслуг міліцыі, якая забясьпечвала парадак на мерапрыемстве. За гэта судзьдзя пакарала спадара Беленькага штрафам у 30 базавых велічынь — гэта 4,5 мільёна рублёў.
Такі штраф нават большы, чым атрымаў Юрась Беленькі за правядзеньне шэсьця ў Курапаты 2 лістапада — тады яго аштрафавалі на 3 мільёны рублёў, таксама прызнаўшы вінаватым у неаплаце выдаткаў на ахову.
Адметна, што адносна шэсьця ў Курапаты і шэсьця ў Лошыцкі Яр сьведкі з боку міліцыі і гарвыканкаму прызнавалі, што праведзеныя яны былі бездакорна. Але адзначалі, што папярэдне арганізатары не заключылі дамовы зь міліцыяй на аплату паслугаў аховы і забесьпячэньня бясьпекі, не аплацілі гэтых паслугаў і таму парушылі закон.
Ці сапраўды арганізатары мерапрыемстваў мусяць аплачваць выдаткі міліцыі на ахову акцыяў? Паводле Юрася Беленькага, наўпрост закон «Аб масавых мерапрыемствах» гэтага не прадугледжвае, пакідаючы рашэньне за калегіяльным органам мясцовай улады. «Менгарвыканкам рашэньня аб аплаце не прымаў, быў толькі дазвол праводзіць шэсьце, які падпісаў намесьнік старшыні Менгарвыканкаму», — кажа Юрась Беленькі. Паводле ягоных зьвестак, пераважная большасьць масавых мерапрыемстваў праходзіць паводле такой схемы і заўсёды бясплатна:
Your browser doesn’t support HTML5
«І з нас дагэтуль ніколі ня бралі платы. Падчас суду па шэсьці ў Курапаты, 17 лістапада, я спытаў у прадстаўніка Менгарвыканкаму: а ці бяруць яны грошы зь іншых, у прыватнасьці, з БРСМ? Не, адказалі мне, з БРСМ ніколі ня бралі. І зь іншых — таксама. А з нас — бяруць. А мы ж не камэрцыйная арганізацыя, грамадзкая. Мы ладзім у Дзяды, якія лічацца афіцыйным днём памяці, гэтае шэсьце да месца пахаваньня ахвяраў, і з нас яшчэ за гэта браць грошы? Таму я і кажу, што тут ня толькі юрыдычнае пытаньне, а яшчэ і маральнае. Гэта паказвае, што ва ўладзе адбыліся нейкія нядобрыя зрухі. Гэта перасьлед нас за нашу дзейнасьць, якая апошнім часам атрымала водгук у грамадзтве».
Зараз на любыя дзеяньні па адраджэньні беларускасьці Масква жорстка рэагуе
Юрась Беленькі паўтарыў пазыцыю, якую ўжо агучваў пасьля працэсу ў Першамайскім судзе Менску за шэсьце ў Курапаты — што ўлады Беларусі ціснуць на КХП-БНФ на загад з Масквы:
«Вы ж паглядзіце: зараз на любыя дзеяньні па адраджэньні беларускасьці Масква жорстка рэагуе. Вунь нават нашым хакеістам спрабавалі забараніць ужываць беларускую мову. Яны спрабуюць прыдушыць у зародку наша нацыянальнае адраджэньне. Гэта іх галоўная мэта — ня даць нам падняцца як нацыі, падняцца як дзяржаве».
Юрась Беленькі заявіў, што будзе абскарджваць пастанову Ленінскага суду, як раней абскардзіў пастанову Першамайскага суду адносна шэсьця ў Курапаты.