#белсатжыві — У інтэрнэце бароняць беларускамоўны тэлеканал з Польшчы

Уплывовы польскі партал wPolityce, блізкі да сёньняшняй кіроўнай партыі ў Польшчы, паведаміў, што прынята рашэньне аб скарачэньні фінансаваньня «Белсату» на 2017 год на дзьве траціны. Рэсурс спасылаецца на неафіцыйныя крыніцы. Дырэктарка тэлеканалу Агнешка Рамашэўска-Гузы сказала, што гэтае рашэньне азначае для «Белсату» ліквідацыю:

«Для нас зьмяншэньне нават на 10% было драмай. Мы робім тэлевізію вельмі ашчадна. Я тлумачыла ў Сэйме, што наш бюджэт — гэта ўсяго 5 дзён вяшчаньня Russia Today», — заявіла яна.

Тым часам у інтэрнэце распачалася кампанія ў падтрымку незалежнага тэлеканалу. Карыстальнікі сацыяльных сетак пішуць у падтрымку «Белсату», пазначаючы свае допісы хэштэгам #белсатжыві. Шмат хто піша пра тое, што для яго значыць тэлеканал Белсат: «беларускамоўныя мульцікі для дачкі», «велічэзны відэаархіў і відэатэка матэрыялаў з апошняга дзесяцігодзьдзя жыцьця нашай краіны», «журналісцкія расьсьледаваньні», «магчымасьць глядзець тэлебачаньне па-беларуску».

Сустаршыня аргкамітэту Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец заклікаў неабыякавых прыйсьці на сход у панядзелак, каб вырашыць, якім чынам бараніць «Белсат».

«Арганізоўваем кампанію дзеля ўратаваньня „Белсату“, спадарства, — лісты, сустрэчы, а калі трэба, і акцыі. У панядзелак запрашаем усіх а 12.00 на сядзібу РЭП (Кульман, 4)», — напісаў Севярынец на сваёй старонцы.