Прадпрымальнікі выказваюцца за тое, каб правесьці мітынг на Кастрычніцкай плошчы ў Менску 18 лютага.
Многія рэгіянальныя лідэры цяпер кажуць пра неабходнасьць пасьля 18 лютага плаўна далучыцца да акцыі 25 сакавіка на Дзень волі
Паводле лідэра кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктара Гарбачова, ніякага дыялёгу з боку ўладаў адносна адмены прэзыдэнцкага ўказу № 760 няма. Таму прадпрымальнікі выказваюцца за новую сустрэчу на плошчы:
“Прадпрымальнікі гэта разумеюць як сыгнал да выхаду 18 лютага на плошчу. А далей будзе відаць, бо многія рэгіянальныя лідэры цяпер кажуць пра неабходнасьць пасьля 18 лютага плаўна далучыцца да акцыі 25 сакавіка на Дзень волі. Калі ня будзе прынята ніякага рашэньня адносна ўказу № 760, то прадпрымальнікі плянуюць падтрымаць палітычныя і грамадзкія аб’яднаньні, якія вырашылі адзначыць Дзень волі 25 сакавіка”.
Прадпрымальнікі таксама выказаліся за тое, каб узяць актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі ў Палату прадстаўнікоў.
Цяпер, паводле Віктара Гарбачова, пад рознымі прычынамі не працуе каля 40 працэнтаў прадпрымальнікаў.
Сёньня ж Баранавіцкі гарвыканкам адмовіў прадпрымальнікам у правядзеньні мітынгу 11 лютага. Улады патлумачылі, што заяўнікі нібыта не ўказалі захадаў дзеля забесьпячэньня грамадзкага парадку, мэдычнага абслугоўваньня і прыбіраньня тэрыторыі. Актывіст прадпрымальніцкага руху Мікалай Чарнавус сказаў:
Мітынг адбудзецца. Людзі прыйдуць, бо гандляры бяз працы. У іх сем’і, а іх ніхто не ўладкоўвае на працу
“Усё гэта было ўказана ў заяве. Проста, бачыце, “не дамо” -- і ўсё”.
Аднак прадпрымальнікі зьбіраюцца прыйсьці 11 лютага а 12 гадзіне на мітынг у Маладым парку Баранавічаў. Асноўнае патрабаваньне – адмена пункту 1.1 указу № 760, які ад першага студзеня дазваляе наймаць на працу толькі блізкіх сваякоў. Спадар Чарнавус сказаў:
“Мітынг адбудзецца. Людзі прыйдуць, бо гандляры бяз працы. У іх сем’і, а іх ніхто не ўладкоўвае на працу”.
Сябра каардынацыйнай рады прадпрымальнікаў Алесь Макаеў заявіў, што прадпрымальнікі рыхтуюцца да мітынгу 18 лютага ў Менску.
“Макаеў – за паўтор плошчы Каліноўскага, каб прадпрымальнікі выйшлі з эканамічнымі патрабаваньнямі. Каб з усёй рэспублікі ехалі прадпрымальнікі. Яны былі гатовыя 10-га. На жаль, не было лідэра, які б мог гэта агучыць. 21-га таксама былі некаторыя гатовыя. І намёты былі падрыхтаваныя, і людзі чакалі выступу, але ніхто ня выступіў”.