Адлічанага летась з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце студэнта Юрася Алейніка, якія цяпер навучаецца ў Маскве, зьбіраюцца прызваць у беларускае войска.
Гэтымі днямі хлопец праходзіць мэдычны агляд і ў выпадку мабілізацыі абяцае далучыцца да патрабаваньня выгнанага з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Ф. Скарыны Зьмітра Жалезьнічэнкі — каб служыць у беларускамоўнай вайсковай частцы.
Студэнт-выдатнік 4 курса факультэта эканомікі Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Юрась Алейнік быў адлічаны летась у траўні, за некалькі дзён да летняй сэсіі. Загад падпісаў таксама ўжо звольнены з пасады рэктара Станіслаў Князеў. Фармальнай прычынай названы “парушэньні вучэбнай дысцыпліны і правілаў унутранага распарадку”. Аднак сам Юрась лічыць, што адлічэньне зьвязана зь ягонай актыўнай грамадзянскай пазыцыяй — у названай ВНУ ён ініцыяваў збор подпісаў супраць скасаваньня льготаў студэнтам.
Ю. Алейнік: “Салідарны з патрабаваньнямі Жалезьнічэнкі”
Пасьля таго, як суд Кастрычніцкага раёна Менску двойчы прызнаваў правамерным рашэньне адміністрацыі Акадэміі кіраваньня, Юрасю паступіла некалькі прапановаў, каб працягнуць навучаньне за межамі краіны. Урэшце ён спыніў выбар на Маскве і ад леташняй восені навучаецца ў Дзяржаўным унівэрсытэце “Вышэйшая школа эканомікі”. Аднак некалькі апошніх дзён Юрась займаецца не навукай, а ходзіць па лекарах:
“Зараз вельмі складаная сытуацыя. Я вырваўся, прыехаў сюды, прывёз нават ліст-хадайніцтва ад спадара Караганава. Ён просіць беларускія Ўзброеныя сілы даць магчымасьць мне скончыць ВНУ і не псаваць беларуска-расейскія дачыненьні хоць у сфэры адукацыі. Бо былі паседжаньні грамадзкай Камісіі па правах чалавека пры прэзыдэнце Расейскай Фэдэрацыі, экспэрты разглядалі маю справу і далі прынцыповую згоду на неабходнасьць майго далейшага навучаньня. Але зараз ваенкамат вельмі хоча прызваць мяне ў войска. І гэтымі днямі ў Менску я праходжу мэдычныя камісіі”.
Карэспандэнт: “Дык вас прызываюць з Маладэчна?”
“Так, з Маладэчна, раённы ваенны камісарыят. Я сапраўды бачу сур’ёзную накіраванасьць, вялікае жаданьне пабачыць мяне з аўтаматам у руках. Калі гэта будзе вельмі настойліва, то, зразумела, парушаць заканадаўства наўрад ці буду і зьяжджаць кудысьці да невядома якога тэрміну таксама не зьбіраюся. Але падтрымаю свайго добрага знаёмцу (магу нават лічыць яго сябрам) Зьмітра Жалезьнічэнку. Калі ён зрабіў прэцэдэнт, то я буду другім чалавекам, які будзе адстойваць права служыць у беларускамоўнай частцы”.
Нагадаем, што крыху болей за тыдзень таму гомельскага актывіста, студэнта-выдатніка Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і адразу прызвалі ў войска. Юнак на знак пратэсту трымаў пяцідзённую галадоўку, пратэстуючы супраць адлічэньня, а таксама патрабуючы забясьпечыць службу ў беларускамоўнай частцы.
С. Караганаў: “Мінабароны не прыслухаецца — будзем скандаліць”
Дэканам факультэту ўсясьветнай эканомікі і міжнароднай палітыкі Вышэйшай школы эканомікі — прафэсар, кіраўнік Савету зьнешняй і абароннай палітыкі Расейскай Фэдэрацыі Сяргей Караганаў. Я пацікавіўся, ці насамрэч Юрась Алейнік такі каштоўны студэнт, што за яго перад Міністэрствам абароны Беларусі хадайнічаюць расейскія грамадзкія дзеячы?
“Так, натуральна. Гэта вельмі пасьпяховы студэнт, таму мы задаволеныя, што ён у нас вучыцца. Што да неабходнасьці служыць, то гэта, канечне, справа закону. Але тое, што ён адзін з найбольш здольных студэнтаў, дык гэта дакладна”.
Карэспандэнт: “То бок ва ўнівэрсытэцкі калектыў ён уліўся арганічна?”
“Так. Нягледзячы на тое, што была істотная розьніца ў праграмах, ён хутка даганяе, і выкладчыцкі склад яму ў літаральным сэнсе радуецца — не нарадуецца. Таму будзем спадзявацца, што да нашага хадайніцтва ў вашым абаронным ведамстве прыслухаюцца. А калі не — то будзем скандаліць”.
Спадар Караганаў таксама перакананы, што ў гісторыі з адлічэньнем Юрася Алейніка з Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Беларусі прысутнічае выразны палітычны складнік.