Няўтомны арганізатар жыцьця згуртаваньня беларусаў Канады пакінуў гэты сьвет 29 студзеня. Яму ішоў 83-і год.
Апостальскі візытатар для беларусаў замежжа айцец Аляксандар Надсан сябраваў з Кастусём Акулам больш за шэсьцьдзесят гадоў.
“Мы пазнаёміліся ў 1944 годзе і да канца засталіся сябрамі. Як беларус ён быў непахісны, у яго не было ніякага кампрамісу ніколі на пункце беларускасьці. Пайшоў з жыцьця сапраўды выдатны чалавек, і нам вельмі дарагі і прыяцель, і вялікі беларус. Заўтра буду служыць службу Божую за супакой ягонай душы”.
Кастусь Акула нарадзіўся 16 лістапада 1925 году ў вёсцы Верацеі, што паблізу станцыі Каралеўшчына на Віцебшчыне. Да вайны пасьпеў павучыцца ў польскай базавай і савецкай сярэдняй школах, а ў вайну — у Віленскай беларускай гімназіі і Менскай школе камандзіраў Беларускай краёвай абароны. Зь якою і адступіў на Захад. Ад жніўня 44-га і да канца вайны ваяваў з фашыстамі спачатку ў складзе францускіх партызанаў, а потым у брытанскім войску ў Італіі. За гэта ён атрымаў ангельскі мэдаль “За вайну” і ордэн “Залатая зорка Італіі”.
Увесь гэты шлях ён паклаў у аснову сваіх раманаў, апавяданьняў, п’есаў, вершаў, фэльетонаў, якія выходзілі на Захадзе ў эміграцыйнай пэрыёдыцы і ад 1962 году асобнымі кнігамі. Некаторыя зь іх зрэдчас траплялі і ў Беларусь. Мастацтвазнаўца і грамадзкая дзяячка Валянціна Трыгубовіч пазнаёмілася з творчасьцю Кастуся Акулы ў 1980-х, а на пачатку 1990-х — і з самім аўтарам, які двойчы наведваў радзіму.
“Калі ён прыяжджаў у Беларусь, ён вельмі любіў тут слухаць нашых сьпевакоў. Вольга Цярэшчанка была адной зь ягоных улюбёных выканаўцаў. Ён быў у захапленьні ад яе выкананьня, ад яе манеры, ад таго, пра што яна сьпявае. Ну і вядома, што ён падтрымліваў іншых музыкаў таксама. Ён вельмі прыхільна ставіўся да людзей, якія ў самых неспрыяльных умовах выдавалі штосьці такое небанальнае. Да апошніх сваіх дзён вельмі перажываў за тое, што адбываецца ў Беларусі, і чым мог, імкнуўся дапамагаць”.
У 1994 годзе ў выдавецтве “Мастацкая літаратура” быў выдадзены самы знакаміты раман Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі”, а ў 2005-м у выдавецтве “Логвінаў” выйшла кніга ягоных выбраных твораў “Россыпы”. Абодва выданьні рыхтаваў да друку пісьменьнік Уладзімер Арлоў.
“Сёньня без рамана Кастуся Акулы “Змагарныя дарогі” ўжо немагчыма ўявіць беларускую літаратуру, прысьвечаную Другой усясьветнай вайне. Вярнуліся да беларускага чытача і іншыя кнігі Акулы — трылёгія “Гараватка”, раман “За волю”. У сваіх лістах да мяне Кастусь Акула заўсёды маляваў птушку. Яго душа імкнулася на радзіму. Няхай цяпер ёй будзе ўтульна там, у нябеснай Беларусі”.
У бібліятэчцы Згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” ў перакладзе Ірыны Варабей хутка зьявіцца англамоўны раман Акулы “Tomorrow is yesterday”. Старшыня згуртаваньня Алена Макоўская вельмі сумуе, што Кастусь Акула не пасьпеў парадавацца новай сваёй кнізе на радзіме.
“Лічым, што гэтая кніга на сёньняшні дзень, вось на гэты момант зьяўляецца своеасаблівым помнікам гэтаму неардынарнаму чалавеку”.