Міліцыянты Салігорскага РАУС затрымалі групу ўдзельнікаў акцыі прадпрымальнікаў, якая праходзіла сёньня а 16-й гадзіне на цэнтральнай плошчы гораду.
“Калі прадпрымальнікі практычна разышліся, міліцыянты затрымалі групу юнакоў і дзяўчат, якія да гэтага трымалі ў руках сьвечкі і партрэты беларускіх палітвязьняў, — паведаміў “Свабодзе” грамадзкі актывіст Ільля Цацура.
Карэспандэнту “Свабоды” ўдалося таксама зьвязацца з Ільлём Шылам. Ён утрымліваецца цяпер у будынку Салігорскага РАУС.
“Пасьля акцыі прадпрымальнікаў міліцыянты затрымалі маладафронтаўцаў — мяне, Івана Шылу, Крысьціну Самойлаву, Аляксея Валабуева, Андруся Тычыну, Рыгора Астапеню і дзяўчыну, імя якой я пакуль ня ведаю. Пры затрыманьні міліцыянты выкарыстоўвалі сілу, у прыватнасьці, мяне ўдарылі галавой аб сьценку...” — паведаміў Ільля Шыла.
Дзяжурны Салігорскага РАУС пацьвердзіў інфармацыю пра затрыманьне моладзі.