Тэма грамадзкага рэдактара: беларускія турмы (ч.1)

Грамадзкі рэдактар мінулага тыдня Мікалай Аўтуховіч замовіў нашым карэспандэнтам дасьледаваць тэму: беларуская турма – гэта інстытут прававой дзяржавы ці мэханізм рэжыму для падпарадкаваньня людзей?


У Эўропе – другія за Расеяй

Нядаўна Міжнародны цэнтар турэмных дасьледаваньняў паведаміў, што паводле працэнту зьняволеных Беларусь займае 14 месца ў сьвеце. Гэта прагрэс для краіны, бо годам раней яна ўваходзіла ў сусьветную “дзясятку” – была нават на трэцім месцы. А на другой пазыцыі яна застаецца сёньня ў эўрапейскай, так бы мовіць, турэмнай табелі аб рангах – усьлед за Расеяй.

Для параўнаньня: за Саветамі ў сьледчых ізалятарах Беларусі было крыху больш за 20 тысяч чалавек, да 3 тысяч асуджаных у год накіроўвалі на Крайнюю Поўнач… Агулам тады сядзелі ў сярэднім максымум да 30 тысяч беларусаў. Ну а ў 2000-м, напрыклад, паводле міністра юстыцыі спадара Сукалы, па крымінальных справах асуджана ўдвая больш – 60 тысяч, а ў 2006-м – 71 тысяча: амаль кожны соты дарослы беларус стаў крымінальнікам.

Як можа грамадзянская супольнасьць кантраляваць жыцьцё за кратамі? Хто апякуецца асуджанымі?

У Беларусі фактычна няма спэцыялізаваных грамадзкіх структураў, якія б дапамагалі зьняволеным. Хоць яны меліся. Аднак некалькі гадоў таму была ліквідаваная арганізацыя “Рука дапамогі”, якая імкнулася апекавацца зьняволенымі.

Нядаўна зьявіўся аргкамітэт па стварэньні чарговай структуры – “Над бар’ерам”. Пададзеныя дакумэнты ў Міністэрства юстыцыі на рэгістрацыю ГА “Скала”. Дапамогай зьняволеным у некаторай ступені займаюцца Беларускі Хэльсынскі Камітэт, зарэгістраваны ў Літве “Праваабарончы альянс”, асобныя праваабаронцы.

Праўда, пры Міністэрстве юстыцыі дзейнічае грамадзкая камісія, якая павінна займацца кантролем пэнітэнцыярных установаў. Але зкантактавацца зь ёй Радыё Свабода не ўдалося, прэс-сакратар Мін’юсту адказала:

“Ёсьць такая камісія. Дашліце па факсе пытаньні, нашы вам адкажуць”.

Праваабаронца Юрась Чавусаў распавёў:

“Водгукі пра працу камісіі ня самыя лепшыя. Магчыма, яны абмежаваныя вось гэтымі варункамі, якія ствараюць структуры Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў. Але па водгуках, якія я чуў ад зьняволеных, гэта фармальная грамадзкая камісія, на самой справе рэальнай працы яна робіць вельмі мала”.

Праваабаронца і юрыст Уладзімер Лабковіч зьвярнуў увагу на тое, што ў беларускіх грамадзкіх праваабарончых арганізацый вельмі мала правоў. Яны ня маюць магчымасьці кантролю, у якіх умовах людзі ўтрымліваюцца пад вартай, за кратамі, іх прадстаўнікоў не дапускаюць ў калёніі, іншыя папраўчыя ўстановы.

Згадвае адзін зь першых палітвязьняў Беларусі

У Беларусі вельмі мала літаратуры, якая б падрабязна занатавала шлях вязьня. Адным зь першых і хіба ці ня лепш за іншых зрабіў тое Аляксей Шыдлоўскі – ён быў студэнтам журфаку БДУ, калі ўлетку 1997 году трапіў за графіці за краты.

”11 верасьня пад вечар нас з Лабковічам пасадзілі ў ”аўтазак“. На выгляд ён нагадвае хлебавоз. Унутры падзелены на аддзелы, у найбольшым зь якіх сядзяць двох узброеных міліцыянтаў, астатнія аддзелы называюцца: „лодка“ (разьлічаны на дваіх), „стакан“ (іх два, разьлічаныя на аднаго вязьня кожны), „агульны“ (разьлічаны на 8 чалавек). Вось жа, максымальная колькасьць зэкаў пад час перавозкі мусіла быць ня большай за 12 чалавек. Калі ж мы з Лабковічам зайшлі ў гэтую „таксоўку“, там ужо было больш за два дзясяткі вязьняў. Задуха, смурод, цесната і гайданка, ад якой увесь час б’ешся галавою аб жалезную столь. Недзе на сярэдзіне шляху Вадзім пачаў ванітаваць. Я ж па-ранейшаму галадаваў, і таму ванітаваць мне проста не было чым, хіба што страўнікавым сокам. Ехалі ня менш за 4 гадзіны, і калі праехалі турэмную браму, здавалася, што найцяжэйшае — ззаду, ды найжахлівейшае чакала наперадзе”.

Што пад сілу грамадзе?

Спадар У.Лабковіч перакананы:

“Самае галоўнае, чым могуць дапамагчы і грамадзкія аб’яднаньні, і грамадзкія актывісты – гэта акцыямі салідарнасьці. Людзі, якія знаходзяцца ў турмах, павінны адчуваць, што тыя, хто знаходзіцца на свабодзе, клапоцяцца пра іх, дапамагаюць ім. Гэта і міжнародная падтрымка, і лісты для маральнай падтрымкі, матэрыяльная дапамога сем’ям, якія засталіся без кармільцаў, самім сем’ям, што знаходзяцца ў жахлівых, цяжкіх умовах”.

Праваабаронца Гары Паганяйла таксама кажа пра акцыі салідарнасьці, матэрыяльную дапамогу, звароты да ўладаў з патрабаваньнем вызваленьня альбо зьмягчэньня пакараньня:

“Грамадзкія аб’яднаньні могуць правесьці (і мы гэтым таксама займаемся) юрыдычную экспэртызу тых спраў, па якіх асуджаныя людзі, як мы лічым, незаконна. І падключаць да гэтага неабходна ня толькі нашыя нацыянальныя інстытуты, каб гэта беззаконьне пераадолець, але й міжнародныя мэханізмы абароны пры парушэньні правоў чалавека”.

Цімафей Дранчук сам адседзеў спачатку ў сьледчым ізалятары КДБ, потым у турме на Валадарскага амаль год і добра ведае, якой дапамогі не стае зьняволеным. Таму зараз ён заняты стварэньнем "Беларускага камітэту ў абарону правоў зьняволеных “Над бар’ерам”. На ягоную думку, грамадзкая арганізацыя па дапамозе зьняволеным павінна займацца наступным:

“Першы напрамак – гэта шырокі распаўсюд інфармацыі пра парушэньні правоў зьняволеных, пра ўмовы іх утрыманьня. Мы дапамагаем вязьням, прыцягваючы юрыстаў, у напісаньні хадайніцтваў, скаргаў, таму што большасьць вязьняў ня маюць фінансавай магчымасьці наняць адваката, а самі юрыдычна абсалютна недасьведчаныя. Ну а трэцяе, чым мы зьбіраемся заняцца, – прапанаваць будучым дэпутатам (улічваючы выбары ў Палату прадстаўнікоў) ініцыяваць шэраг паправак у Крымінальны і Крымінальна-працэсуальны кодэксы, таму што шмат нормаў проста не адпавядаюць эўрапейскім”.