Як камэнтуюць датэрміновае вызваленьне беларускіх палітвязьняў Зьмітра Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча палітыкі ў Менску?
Першы намесьнік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка заявіў, што ў сярэднім колькасьць палітвязьняў у Беларусі не зьмяняецца.
“Тое, што кагосьці выпускаюць, — гэта сьведчаньне таго, што ўлада паддаецца на палітычны ціск. Найбольш пасьлядоўны палітычны ціск сёньня ажыцьцяўляюць ЗША. Магчыма, мы бачым адзін з вынікаў такога ціску. Але ўсё гэта кампэнсуецца іншымі жорсткімі захадамі, да якіх трэба дадаць гвалтоўныя разгоны прадпрымальніцкіх маніфэстацыяў і масавыя пасадкі на адміністрацыйныя тэрміны. Гэта сьведчыць пра дзьве рэчы. Па-першае, відавочна, што ў краіне няма ніякага судаводзтва, а ўсё вырашаецца палітычна. Дарэчы, вызваленьне Дашкевіча дагэтуль выклікае пытаньні. Гэта што: умоўна-датэрміновае, амністыя, скарачэньне тэрміну, — ніхто толкам не разумее. І ясна, што гэта палітычнае рашэньне. А па-другое, ясна, што ў кіраўніцтва краіны ў галаве стратэгічны разброд. Яны, дальбог, ня ведаюць, што рабіць”.
Намесьнік старшыні БСДП (Грамада) Ігар Рынкевіч сказаў, што датэрмінова вызваляюць тых, хто праявіў сябе дастаткова прынцыповым і сьмелым падчас зьняволеньня.
“Улады ўсё ж такі імкнуцца адной рукой садзіць людзей, а другой вызваляць. Каб, скажам, агульная колькасьць палітзьняволеных была дастаткова невялікай. Выкарыстоўваюцца зноў такія ж мэтады, як і раней. Людзям выстаўляюць самыя што ні на ёсьць фальшывыя абвінавачаньні. Я лічу, што сутнасьць рэпрэсіўнага рэжыму не памянялася. І казаць, што ідзе нейкая лібэралізацыя адносна апазыцыі, палітычнага жыцьця, немагчыма. Рэпрэсіі працягваюцца”.
Былы старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі Станіслаў Шушкевіч заявіў, што вызваленьне двух палітвязьняў, Зьмітра Дашкевіча і Мікалая Аўтуховіча, не мяняе сытуацыі ў краіне:
“Я хачу выказаць задавальненьне з гэтай нагоды, бо гэта абсалютна дастойныя людзі. Яны асуджаныя абсалютна без усялякіх падставаў. Улада свайго падыходу не мяняе, але яна робіць не зусім зразумелыя захады, каб думалі нейкія дакладчыкі ў пытаньні па Беларусі альбо яшчэ нехта, што ў нас у Беларусі нешта зьмяняецца. А зьменаў няма. Бо зьнявага людзей ёсьць, іншыя пасадкі абсалютна неабгрунтаваныя, не зьвяртаецца ўвага на пратэст і ёсьць драконаўскае заканадаўства. Так што я пакуль што ніякіх зрухаў ня бачу”.