У першы дзень на свабодзе лідэр “Маладога фронту” наведаў Вярхоўны суд, сустрэўся зь сябрамі і паплечнікамі, правёў прэс- і онлайн-канфэрэнцыі.
Фотагалерэя
Аб 11-й гадзіне Зьміцер Дашкевіч зьявіўся ў сядзібе БНФ, дзе яго з кветкамі сустрэлі сябры. Да гэтага былы палітвязень наведаў Вярхоўны суд. Нагадаю, менавіта Вярхоўны суд 22 студзеня перагледзеў справу Дашкевіча і вынес яму пакараньне, меншае за ранейшае: не паўтара, а адзін год зьняволеньня.
“Хацеў забраць копію судовай пастановы, паводле якой мяне вызвалілі, але ў Вярхоўным судзе адказалі, што гэты дакумэнт знаходзіцца ў раённым судзе, які мяне асудзіў, – расказвае Дашкевіч. – Такім чынам, цягам тыдня мне трэба туды падысьці. Хачу яшчэ там высьветліць, як мне будуць залічваць гэтыя чатыры месяцы, якія я адседзеў звыш тэрміну. Хутчэй за ўсё, гэта фора, якую ўлады мне даюць на будучыя акцыі”.
Пасьля прэсавай канфэрэнцыі Зьміцер зь сябрамі выправіўся ў кавярню “Крыніца” падсілкавацца. У буфэце ён замовіў гарбату і, як пазьней адзначыў, быў зьдзіўлены, што афіцыянтка яго зразумела. Палітвязень згадаў, як аднойчы замовіў гарбату, а яму прынесьлі сушанай рыбы. “Сёньня ўжо другі раз са мной размаўляюць па-беларуску незнаёмыя людзі. Першы раз — ахоўнік у Вярхоўным судзе”, — з задавальненьнем зазначыў Зьміцер.
Паводле былога вязьня, у Шклоўскай калёніі зь ім часта гутарылі па-беларуску і вязьні, і супрацоўнікі адміністрацыі. Падчас размовы за гарбатай больш абмяркоўвалася дзейнасьць “Маладога фронту”. Павал Севярынец распавёў пра барацьбу за вызваленьне Артура Фінькевіча і іншых палітвязьняў.
Пасьля “Крыніцы” Зьміцер Дашкевіч рушыў на сустрэчу зь Міколам Статкевічам, а ў тры гадзіны ў яго пачалася онлайнавая канфэрэнцыя з наведнікамі сайту і слухачамі Радыё Свабода.
Выглядае Зьміцер Дашкевіч бадзёрым, хоць гэтай ноччу спаў усяго тры гадзіны, кажа ягоны сябра Аляксей Шэін, у чыёй кватэры спыніўся Зьміцер.
“Ён лёг а трэцяй, а прачнуўся ўжо а шостай, відаць, прызвычаіўся ў калёніі. Прачнуўся і кажа, што першай думкаю было — чаму так ціха, чаму дзяжурны ў атрадзе не крычыць “Пад’ём!”?”
Учора сябры сустрэлі Дашкевіча ў Воршы і прывезьлі ў Менск на аўтамабілі. Хлопцы згадваюць, што выглядаў Зьміцер, як клясычны зэк — у ватоўцы з нумарам атраду, у кірзавых ботах, на галаве шапка-вушанка. Цяпер Зьміцер апрануты ўва ўсё цывільнае.
У плянах у Зьмітра Дашкевіча — новыя сустрэчы зь сябрамі і палітыкамі. Да бацькоў у Старыя Дарогі ён зьбіраецца празь некалькі дзён, калі зробіць усё неадкладнае ў Менску.