Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэньне пра аднаразовую харчовую дапамогу бамжам яшчэ два месяцы таму. І нікога дагэтуль не накармілі.
Асобаў бяз пэўнага месца жыхарства, так званых "бамжоў" пра гэта ніхто не папярэдзіў, і дагэтуль ніводзін чалавек не зьвярнуўся ў дзяржаўныя структуры, каб атрымаць абяцаныя прадукты харчаваньня.
Начальнік гарадзкога аддзела па працы і сацыяльнай абароне Алена Капусьціна распавяла, што з 1-га лістапада ў Віцебску дзейнічае адмысловая інструкцыя гарвыканкаму пра харчовую дапамогу асобам бяз пэўнага месца жыхарства на суму каля 10 тысяч рублёў – 30% базавай велічыні.
"Інструкцыя ў нас ёсьць такая, што яны пішуць заявы, ідуць у краму і могуць атрымаць прадукты. Але, можа, трэба даць пра гэта аб’яву? Такіх аб’яваў у нас, канешне, няма – ні на вакзале ні дзесьці яшчэ, што можна атрымаць матэрыяльную дапамогу", – разважае Алена Капусьціна.
Супрацоўніцы гарвыканкаму давялося прызнаць, што пакуль ніводзін патэнцыйны атрымальнік дапамогі па яе не зьвярнуўся. І ня толькі таму, што пра дабрачыннасьць уладаў бамжы ды жабракі ня ведаюць. Перш, чым атрымаць у краме прадукты, гэтыя людзі павінны прайсьці цэлы шэраг бюракратычных працэдураў: найперш – прыйсьці ў райвыканкам з пашпартам і скласьці заяву на імя старшыні раённай адміністрацыі.
Першы раз пра гэта чую. А "бомж" – ужо сем год "стажу".
Гэты этап для большасьці неадольны менавіта з той прычыны, што ў большасьці так званых "бамжоў" страчаныя дакумэнты.
40-гадовы Сяргей ўжо 7 год жыве ў падвале, пашпарта ня мае і пра харчовую дапамогу нічога ня чуў:
"Першы раз пра гэта чую. А "бомж" – ужо сем год "стажу". Пашпарта няма. Калі прыходжу ў пашпартны аддзел міліцыі, то мне кажуць: знайдзі таго, хто возьме цябе жыць, а потым мы зробім табе пашпарт. А хто мяне возьме? Вось зараз іду з прыёмнага пункту, здаў бутэлькі".
Інструкцыя гарвыканкаму пакуль што застаецца толькі на паперы. Нават у трох віцебскіх крамах, дзе беспрытульным мусяць выдаваць прадукты, ніхто ня ведае, як ажыцьцяўляць гэта на практыцы, каб не парушыць санітарных нормаў гандлю. Вядома толькі, што так званым бамжам нельга выдаваць алькагольныя й тытунёвыя вырабы. Ніякіх іншых рэкамэндацыяў, што да гэтай праблемы, гандляркі не атрымлівалі.
Няма рэкамендацыяў і для міліцэйскіх службаў наконт дапамогі асобам бяз пэўнага месцы жыхарства. Іншым разам іх адвозяць на санапрацоўку, але вось займацца арганізацыяй харчаваньня для такіх людзей міліцыянты адмаўляюцца, бо гэта не ўваходзіць у іхныя абавязкі.
Дабрачынных грамадзкіх структураў, якія ўзялі б на сябе клопат пра так званых "бамжоў", у Віцебску няма. Няма й начнога прытулку для такіх людзей, хаця ў іншых гарадах Беларусі яны ўжо пачалі зьяўляцца.
У гарвыканкаме сказалі, што ў мінулым годзе аказалі матэрыяльную дапамогу 44-м асобам бяз пэўнага месца жыхарства. Увогуле ж у горадзе іх налічваецца не адна сотня, хаця назваць хаця б прыкладна іхную агульную колькасьць ніхто не бярэцца.