6 чалавек, якіх асудзілі ў судзе Маскоўскага раёну Менску, абвясьцілі галадоўку. Жыхарка Магілёву Ганна Ільіна, стрыечная сястра адной з асуджаных Алякесандры Лындавай, таксама абвясьціла галадоўку на знак салідарнасьці з пакаранымі.
У суд Цэнтральнага раёну Менску прывезьлі менавіта тых, каго моцна зьбілі 10 студзеня пасьля мітынгу пратэсту прадпрымальнікаў.
Актывіст АГП Міхаіл Пашкевіч пакараны на 15 сутак арышту. Андрэя Радзівонава і моладзевага актывіста з Асіповічаў Арцёма Дубскага таксама асудзілі на 15 сутак.
У часе суду студэнтка ўнівэрсытэту фізычнай культуры Тацяна Цішкевіч прадэманстравала куртку, залітую крывёй. Дзяўчына паведаміла, што яе моцна зьбілі байцы спэцназу міліцыі. Яна таксама казала пра тое, што яе абражалі.
Міхаіла Крывава білі па патыліцы. Ён пасьпеў сказаць, што затрыманых зьбівалі спэцназаўцы ў аўтазаку. Усіх кінулі на падлогу і білі нагамі і дубінкамі. Дзяўчатам пры гэтым казалі непрыстойнасьці і ўсяляк абражалі.
Адвакатка Вера Страмкоўская, якая ўбачыла затрыманых у зачыненай залі, дзе іх утрымліваюць, запатрабавала выклікаць ім хуткую дапамогу. Міліцыянты запэўнілі адвакатку і сяброў затрыманых, што хуткую выклікалі. Праз 40 хвілінаў, калі людзі патэлефанавалі, высьветлілася, што ніякага выкліку не было. Урэшце мэдыкаў выклікалі сваякі затрыманых.
Супрацоўнікі міліцыі не пусьцілі дактароў адразу да затрыманых, а завялі іх у асобны пакой і пэўны час там зь імі размаўлялі. Толькі пасьля гэтага мэдыкі патрапілі да пацыентаў.
Доктар “хуткай дапамогі” ўвесь час кансультаваўся зь міліцыянтам. Ён адмовіўся назваць сваё прозьвішча і паведаміў толькі нумар брыгады “хуткай” — 960.
Пасьля кансультацыяў зь міліцыяй лекар заявіў, што затрыманыя могуць знаходзіцца ў судзе.
Мэдык адмовіўся адказаць на пытаньне “Свабоды”, ці можна з такімі пашкоджаньнямі адбыць 15 сутак арышту.
Мэдыкі зафіксавалі шматлікія пабоі, аказалі дапамогу, але пасьля кансультацыі зь міліцыянтамі адмовіліся шпіталізаваць затрыманых. Тацяна Цішкевіч атрымала моцныя ўдары па галаве. У Арсеня Пахомава вельмі зьбіты твар. У Юрыя Каксюка зламанае рабро, у Міхаіла Пашкевіча пабітыя твар і калена.
Міліцыянты не дазвалялі рабіць фотаздымкі затрыманых. Бацькі затрыманых не маглі ім перадаць ні ваду, ні ежу.
6 асуджаных атрымалі па 15 сутак арышту, Тацяну Цішкевіч арыштавалі на 20 сутак.
За хадой працэсаў сачыў другі сакратара амбасады ЗША Стывэн Гілан. Ён сказаў, што гэта ганебная практыка, калі людзей трымаюць за зачыненымі дзьвярыма і не даюць ім нават вады. Ён таксама паведаміў, што лічыць такую пазыцыю, калі людзей затрымліваюць і абвінавачваюць у дробным хуліганстве толькі за тое, што яны выйшлі выказаць свае палітычныя погляды, парушэньнем правоў чалавека.
У судзе Цэнтральнага раёну прысутнічалі палітыкі, а таксама прадпрымальнікі, якія прыехалі выказаць падтрымку затрыманым.