У памяшканьні курыі Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі адбылася прэс-канфэрэнцыя арцыбіскупа мітрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча.
Канфэрэнцыя была прысьвечаная першаму месяцу працы кіраўніка каталіцкага касьцёлу ў Беларусі на гэтай пасадзе, а таксама набліжэньню сьвята Божага Нараджэньня. Шматлікіх журналістаў найперш цікавілі вынікі сустрэч Тадэвуша Кандрусевіча з прадстаўнікамі ўлады Беларусі — з кіраўніком камітэту ў справах рэлігій Леанідам Гулякам, з уладамі Гародні і Магілёву:
“Прымаюць усе вельмі добра. Нягледзячы на тое, што ёсьць яшчэ нямала праблем, можна будзе весьці нейкі дыялёг. Падаецца, што ёсьць такая адкрытасьць. Але паглядзім, пакуль яшчэ цяжка сказаць”.
Тадэвуш Кандрусевіч паведаміў таксама, што шукае шляхоў, каб вярнуць касьцёл Сьвятога Язэпа ў Менску вернікам. У пытаньні моўнай палітыкі ён падкрэсьліў, што ў Беларусі будуецца беларускі касьцёл. Мітрапаліт таксама заявіў, што бліжэйшым часам плянуецца правесьці тэлемост паміж Беларусьсю і Ватыканам з удзелам Папы Рымскага. А таксама — што дзяржсакратар Ватыкану, кардынал Тарчызіё Бэртонэ плянуе наведаць Беларусь:
“Гэта было б вельмі важна для каталіцкага касьцёлу ў Беларусі, для яго падтрымкі, для падтрымкі нашых вернікаў. Таксама гэта было б вельмі важна і для нашай дзяржавы, бо такі вялікі чыноўнік, калі так можна сказаць, упершыню прыехаў бы ў Беларусь. Ніколі яшчэ дзяржсакратар ня быў у Беларусі”.
Ніколі яшчэ дзяржсакратар Ватыкану ня быў у Беларусі
Сёлета каталіцкі касьцёл і асабіста Тадэвуш Кандрусевіч упершыню будуць праводзіць такія сустрэчы з рознымі катэгорыямі насельніцтва, паведаміў ксёндз Ігар Лашук:
“Адбудуцца спатканьні з выкладчыкамі ВНУ і школ, з мэдработнікамі. Плянуецца спатканьне нашага мітрапаліта ў адной зь менскіх турмаў зь вязьнямі, а таксама аплаткавае спатканьне ў вайсковай акадэміі з будучымі афіцэрамі”.
Незвычайным у касьцёле сёлета будзе і сьвяткаваньне ў ноч Нараджэньня Хрыстовага, паведаміў ксёндз Аляксандр Амяльчэня:
“Адметнасьцю сёлетняга сьвяткаваньня будзе тое, што перад галоўнай сьвятой імшой, а 12 гадзіне, каля менскага архікатэдральнага касьцёла адбудзецца фэервэрк. Сапраўдны фэервэрк на 150 мэтраў увышыню. Асаблівасьцю гэтага фэервэрку будзе тое, што ён будзе музычны, пад музыку Баха. Гэта наша радасьць, наш аптымізм, якім мы дзелімся зь людзьмі. Радасьць з таго, што Езус для нас нарадзіўся”.