Чаго Ўладзімір Пуцін прыяжджаў у Менск?

Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. Эфір 14 сьнежня.

Удзельнікі: журналіст газэты “Белорусы и рынок” Паўлюк Быкоўскі зь Менску і дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы.

Адбыўся першы афіцыйны візыт прэзыдэнта Расеі Пуціна ў Беларусь. Ці можна верыць афіцыйнай вэрсіі візыту, што расейскі кіраўнік прыяжджаў дзеля абмеркаваньня эканамічных пытаньняў? Якая сапраўдная мэта візыту?

Якая сапраўдная мэта візыту?

Валер Карбалевіч: Візыт расейскага прэзыдэнта ў Беларусь выклікаў вялікую цікавасьць, нават ажыятаж у грамадзкасьці, мэдыях, і тое зь некалькіх прычын. Па-першае, Пуцін і Лукашэнка цэлы год не праводзілі перамоваў, а за гэты час у дачыненьнях паміж краінамі адбыліся дзьве газавыя вайны і адна нафтавая.
Здавалася б, няма часу на такія рытуальныя дзеяньні, як паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. В.Карбалевіч

Па-другое, гэта першы афіцыйны візыт Пуціна ў Беларусь. Па-трэцяе, паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы адбываецца ў Менску ўпершыню за пяць гадоў. І ў Менск прыехала ўсё вышэйшае кіраўніцтва Расеі: ня толькі Пуцін, але і прэм’ер Зубкоў, сьпікер Дзярждумы Грызлоў, іншыя афіцыйныя асобы.

Па-чацьвёртае, дзіўным выглядае час візыту. У Расеі адбываецца прэзыдэнцкая кампанія, расейская эліта рыхтуецца да перадачы ўлады ад аднаго кіраўніка да другога, што ў аўтарытарных рэжымах заўсёды выклікае пэўную напружанасьць. Здавалася б, няма часу на такія рытуальныя дзеяньні, як паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы, бо на парадку дня — толькі эканамічныя пытаньні. І дзеля зацьвярджэньня бюджэту гэтага міталягічнага аб’яднаньня ўсё кіраўніцтва Расеі ў такі час прылятае ў Менск? Неяк цяжка ў гэта верыцца.

Нарэшце, дзіўны зьліў дэзінфармацыі праз “Эхо Москвы” наконт тэрміновага будаўніцтва саюзнай дзяржавы і прызначэньня Пуціна яе прэзыдэнтам.

Дык чаго ж прыяжджаў Пуцін у Менск? Кіраўнікі дзяржаў сустракаліся ўчора, шмат часу правялі сам-насам сёньня, нават паседжаньне вышэйшага дзяржсавету спазьнілася на дзьве гадзіны. Ці верыце вы ў афіцыйную вэрсію візыту?
Бакі мусілі правесьці дзяжурнае мерапрыемства. П.Быкоўскі

Паўлюк Быкоўскі: Хутчэй за ўсё афіцыйная вэрсія і ёсьць самая праўдзівая. Бакі мусілі правесьці дзяжурнае мерапрыемства, правесьці паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы. Плюс прэзэнтацыя даччынага банку ВТБ. А яшчэ Расея прыняла рашэньне аб выдзяленьні крэдыту Беларусі.

Атрымаліся доўгія перамовы і малыя вынікі. Гэтыя вынікі ня цягнуць на рэальную прычыну візыту. Магчыма, абмяркоўвалася нешта яшчэ.

Кірыл Коктыш: Трэба было дамовіцца па пытаньнях газу і нафты. Але ня толькі пра кошт, а і пра доўгатэрміновыя прыярытэты. Падчас прэзыдэнцкай кампаніі ў Расеі Крэмль высьцерагаецца сынхроннай нафтагазавай блякады Беларусі і Ўкраіны. Таму задачай Пуціна было выключыць нафтагазавую вайну.
Крэмль высьцерагаецца сынхроннай нафтагазавай блякады Беларусі і Ўкраіны. Задачай Пуціна было выключыць нафтагазавую вайну. К.Коктыш


Па-другое, трэба было дамовіцца аб прынцыпах узаемадачыненьняў пасьля заканчэньня паўнамоцтваў Пуціна на пасадзе прэзыдэнта. Ніякіх палітычных дэклярацый не было прынята. Таму ніякіх значных крокаў у эканамічнай і палітычнай інтэграцыі ня будзе.

Ці абмяркоўвалася будаўніцтва саюзнай дзяржавы?

Карбалевіч: У афіцыйным паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта Беларусі, надрукаваным у дзяржаўных газэтах 5 сьнежня, было адзначана, што галоўнымі пытаньнямі паседжаньня вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы будзе прыняцьце бюджэту гэтага ўтварэньня на 2008 год і разгляд Канстытуцыйнага акту. Але ўжо праз два дні прэс-служба беларускага кіраўніка адзначыла, што пункту аб Канстытуцыйным акце ў парадку дня гэтага візыту няма. Што ўсё гэта азначае? Або ў гэтым пытаньні плянаваўся прарыў, але нешта ня склалася?
Не даю веры, што пытаньне пра Канстытуцыйны акт увогуле стаяла ў парадку дня візыту. П.Быкоўскі

Быкоўскі: Я не даю веры, што пытаньне пра Канстытуцыйны акт увогуле стаяла ў парадку дня візыту. Падаецца, што інтрыга наконт гэтага зьявілася зь беларускага боку. Па-першае, на беларускія крыніцы спасылалася “Эхо Москвы”. Па-другое, менавіта ў паведамленьні прэс-службы прэзыдэнта згадвалася пра гэта.

Але за тры месяцы саюзная дзяржава ня ўзьнікне, рэфэрэндум праведзены быць ня можа. І навошта Пуціну ствараць недаробленую саюзную дзяржаву перад сыходам? У Расеі цяпер адбываецца нармальны, як на расейскія парадкі, варыянт захаваньня Пуціным сваёй улады.

Акрамя таго, беларускі бок цікавіла пытаньне коштаў на газ, Менск рабіў на гэта акцэнт.

Коктыш: Пытаньне пра нібыта магчымасьць абмеркаваньня Канстытуцыйнага акту трэба разглядаць у пляне інфармацыйнай вайны. Бо першы зьліў інфармацыі пра гэта быў не на радыё “Эхо Москвы”, а ў газэце “Wall Street Journal”, і гэтую інфармацыю перадрукавалі шмат якія расейскія мэдыі.

Такая кампанія стварала завышаныя чаканьні ад візыту Пуціна, хоць ніякіх прарываў не плянавалася. Гэта значыць, што візыт быў зруйнаваны за некалькі дзён да таго, як ён пачаўся. Бо атрымалася, што візыт быў няўдалы і сваіх мэтаў не дасягнуў. Але гэта ня мае дачыненьня да рэальных задач візыту.