У Менск з двухдзённым візытам прыбывае прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін. Плянуецца сустрэча двух кіраўнікоў “сам-насам”, а таксама паседжаньне Вышэйшага дзяржсавета саюзнай дзяржавы.
Мы пакуль не анансуем праграму візыту
Сёньня ў першай палове дня праграма візыту яшчэ не была вядомая. Кіраўнік прэс-службы беларускага прэзыдэнта Павал Лёгкі сказаў:
“Мы пакуль не анансуем праграму візыту. Ня вельмі карэктна будзе адносна расейскага боку. Бо, я гляджу, мае расейскія калегі наконт гэтага маўчаць. Я думаю, усе гэтыя анонсы пойдуць некалькі пазьней”.
Міліцыя паведаміла, што па шэрагу цэнтральных менскіх вуліцаў будзе абмежаваны рух транспарту.
З нагоды візыту актывісты апазыцыі правялі ўчора ў Менску акцыю “За незалежную Беларусь”. Яны рвалі партрэты Пуціна і скандавалі: “Не — саюзу з імпэрскай Расеяй!” Міліцыянты жорстка разагналі дэманстрантаў, а моладзевы актывіст Зьміцер Хведарук трапіў у шпіталь. Лідэр Народнай грамады Мікалай Статкевіч сказаў:
Учарашнія падзеі сапсавалі фон для гэтага візыту
“Расейскае кіраўніцтва само ўжо ўжывае такія сродкі супраць апазыцыі. Але ўчарашнія падзеі сапсавалі фон для гэтага візыту. Нягледзячы на жудаснасьць таго, што здарылася, я думаю, Зьміцер Хведарук зрабіў сваёй мужнасьцю ўчора вельмі шмат для беларускай незалежнасьці. Брутальныя дзеяньні ўладаў паставілі расейскае кіраўніцтва ў вельмі двухсэнсоўнае становішча. Я думаю, што абмеркаваньне нейкіх актаў з Пуціным робіцца цяпер малаверагодным”.
Раней радыёстанцыя “Эхо Москвы” паведаміла, што падчас візыту нібыта чакаецца падпісаньне Канстытуцыйнага акту саюзнай дзяржавы. Паводле неназваных крыніцаў, на якія спасылаецца радыё, прэзыдэнтам аб’яднанай дзяржавы нібыта стане Пуцін, а кіраўніком саюзнага парлямэнту — Лукашэнка. Расейскія афіцыйныя крыніцы назвалі гэта “спэкулятыўнымі фантазіямі”. Дык ці будзе гэты візыт нейкім пераломным? Дэпутат расейскай Дзярждумы Канстанцін Затулін сказаў:
На мінулым тыдні тут Масква была поўная чуткамі пра магчымае старшынёўства Пуціна ў саюзнай дзяржаве
“Можна ацаніць той факт, што прэзыдэнт Расеі напярэдадні сыходу са сваёй пасады робіць гэты візыт. Упершыню з 2004 году — гэта афіцыйны візыт прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі. І на мінулым тыдні тут Масква была поўная чуткамі пра магчымае старшынёўства Пуціна ў саюзнай дзяржаве. Але чуткі былі хутчэй ірацыянальныя. Мы ведаем, што Канстытуцыйны акт — пакуль, ва ўсякім разе — ня ўзгоднены. І, наколькі нам вядома, беларускі бок пярэчыць супраць пасады прэзыдэнта беларуска-расейскай саюзнай дзяржавы. Таму цяжка казаць, ці будзе гэта прарыў. Гэта будзе важны момант высьвятленьня пэрспэктываў саюзнай дзяржавы”.
Апошні раз Уладзімер Пуцін быў у Менску ў лістападзе мінулага году ў рамках саміту СНД. Тады шэраг расейскіх журналістаў на саміт не акрэдытавалі. На знак пратэсту расейскія журналісты не ўзялі ўдзелу ў заключнай прэс-канфэрэнцыі. У сваю чаргу, журналістаў беларускіх мэдыяў не дапусьцілі на прэс-канфэрэнцыю Пуціна ў аэрапорце.
Апошні раз паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету праходзіла ў Маскве ў сьнежні год таму. Пасьля пачалася “газавая вайна”, а потым “нафтавая”.
У сёлетнім інтэрвію агенцтву Reuters Лукашэнка загаварыў пра імпэрскія замашкі Расеі. На сустрэчы з дэлегацыяй Сібірскай фэдэральнай акругі ён жа заявіў пра пагрозу ўзьнікненьня новай Чачэніі ў выпадку, калі Беларусь увойдзе ў склад Расеі.
Пуцін, са свайго боку, зрабіў заяву пра намер будаваць рынкавыя стасункі зь Беларусьсю. Маўляў, Расея адкрытая да любых мадэляў інтэграцыі.