“Шэўрале” Янкі Купалы можа пераехаць зь Ляўкоў у Менск

Ігар Карней, Ляўкі Аўтамабіль “Шэўрале”, на якім апошнія гады жыцьця езьдзіў Янка Купала, можа зьмяніць прапіску. Цяпер лімузін 30-х гадоў выпуску знаходзіцца ў мэмарыяльным комплексе ў Ляўкох пад Копысем, дзе на беразе Дняпра ў Купалы да вайны было лецішча. Аднак у зьвязку з тым, што колькасьць наведнікаў там істотна скарацілася, кіраўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музэю ў Менску разглядае магчымасьць пераезду аўтарарытэту зь Ляўкоў у Менск.
Гэта менавіта тая машына, на якой Янка Купала разам з жонкай выехаў у эвакуацыю: Масква, Чэбаксары, Пячышчы ў Татарстане. Пасьля пагібелі паэта “Шэўрале” адразу перагналі зь Пячышчаў у Маскву, а потым перадалі на балянс Міністэрства культуры БССР. У 1982 годзе аўто стала адным з экспанатаў музэйнага комплексу ў Ляўкох. Згадвае навуковы супрацоўнік музэю Лілія Ўпенік.

(Упенік: ) “Лецішча ў часе вайны згарэла ад снараду. А як была падпісана пастанова аб аднаўленьні, то яго адбудавалі на тым самым месцы, на тым жа падмурку. На экспазыцыі ёсьць фатаздымак лецішча 1935 году. Калі параўнаць, — яны вельмі падобныя. Бо лецішча аднаўлялася па чарцяжох пляменьніка Купалы — Раманоўскага. І да стагодзьдзя з дня нараджэньня паэта комплекс запрацаваў паўнавартасна. Вось тады й машыну сюды прыгналі, і помнік паставілі (аўтар скульптуры — народны мастак Анатоль Анікейчык)”.



Зусім ня выключана, што неўзабаве “Шэўрале” зноў можа зьмяніць прапіску. Прынамсі, кіраўніцтва Дзяржаўнага літаратурнага музэю Купалы разглядае магчымасьць перадысьлякацыі гэтага рарытэту ў Менск. Пра прычыны гаворыць дырэктар музэю Сяргей Вечар.

(Вечар: ) “Найперш, наведнікаў там ужо ня так шмат. Па-другое, гэта недалёка ад мяжы з Расеяй, што таксама дадае хваляваньняў: пры жаданьні, там усялякае можна ўчыніць. Таму хацелася б, каб ніхто на маёмасьць не паквапіўся. Але, сапраўды, ёсьць пастаяннае хваляваньне. Бо ўсё ж гэта ня які-небудзь бокс, а драўляны гараж, хоць і пад сыгналізацыяй. Таму складана ўсё ахоўваць. Пакуль захоўваецца. Але ўсё адно гэтыя хваляваньні пэўныя”.

Гэта, бадай, самая старая іншамарка ў Беларусі, якая застаецца на хаду. Супрацоўніца мэмарыяльнага комплексу ў Ляўкох Лілія Ўпенік расказала, што ня так даўно машыну сваім ходам ганялі на рэстаўрацыю. У 1980-х у Ляўкі аўтамабіль таксама прыехаў без тэхнічнай дапамогі. Праўда, штосьці з-пад капоту зьнялі. Каб ня ўзьнікла нават спакусы паспрабаваць пакатацца.

Адзін зь мясцовых аўтамэханікаў апавёў, што машына, на дзіва, захавалася ў добрым стане: усё начыньне арыгінальнае, ажно да колаў. Паводле спэцыяліста, такія машыны практычна вечныя, а па хадавой частцы яны ідэнтычныя сучасным джыпам.



Праўда, саміх супрацоўнікаў мэмарыяльнаго комплексу ў Ляўкох пэрспэктыва пераезду “Шэўрале” ў Менск ня вельмі цешыць: страціўшы такі экспанат, можна страціць і пэўную колькасьць наведнікаў.

На здымках: скульптура Купалы працы Анатоля Анікейчыка; “Шэўрале” Янкі Купалы (фота аўтара)