Сёньня ў Менску прадпрымальнікі маюць намер сабрацца а 12-й гадзіне на Кастрычніцкай плошчы, каб выказаць пратэст супраць прэзыдэнцкага ўказу №760.
Напярэдадні заяўнікам мітынгу на Кастрычніцкай плошчы патэлефанавалі міліцыянты. Іх запрасілі ў менскую пракуратуру. Адзін зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алесь Макаеў сказаў:
“Казалі, што на стужку запісана ўсё. І ў міліцыі ёсьць загад аформіць прывод а 10-й раніцы. А пракуратура там будзе тлумачыць чаму. Яны не тлумачылі”.
Алега Шабетніка з Рэчыцы ў выходныя выклікалі ўжо ў мясцовую пракуратуру:
“Давалі мне падпісаць папярэджаньне, каб я не праводзіў гэтага мерапрыемства. Я адмовіўся падпісваць. У любым выпадку адбудзецца гэта мерапрыемства, бо інфармацыя даўно прайшла і павярнуць назад гэта ўжо немагчыма. Людзі моцна настроеныя, бо канчаецца праца і ўсё астатняе. Лістоўкі трапілі ў многія гарады. Людзі з Кармы, Веткі, Чачэрску гатовыя прыехаць”.
Каардынатар кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Алесь Таўстыка сказаў, што ён ніякай позвы не атрымліваў, таму ісьці ў пракуратуру не зьбіраецца:
“Калі б у мяне ляжала позва, то я пайшоў бы ў якую-небудзь адвакацкую кантору і, можа, з прадстаўніком адвакатуры я й пайшоў бы туды. Але й тое параіўся б зь сябрамі. Раніцай павяду дзетак у садок, у мяне ўсё расплянавана. Я а 12-й гадзіне мушу быць на плошчы Каліноўскага.
А яшчэ ў суботу да мяне ў Крывічы прыяжджала міліцыя з раёну, але маці іх не пусьціла ў хату. Сказала, што калі б сын нешта зрабіў, то яна б першая даведалася. А тое, што Таўстыка Саша мой сын – гэта падпішуся”.
Камэнтуючы гэты ціск з боку праваахоўных органаў, намесьнік старшыні кампаніі “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Калей сказаў, што ўлады спалохаліся:
“Вядома, хочуць нэўтралізаваць, аслабіць гэтую акцыю ўсімі спосабамі. Дазволілі “Пэрспэктыве” Шумчанкі мітынг на Бангалор 14 сьнежня. Па Барысаве, напрыклад, бегалі чэкісты, бралі падпіскі, каб людзі ня ехалі ў Менск. Улады, ясна, баяцца шырокага, пратэставага выступу на Кастрычніцкай плошчы супраць указу №760”.
Паводле Алеся Макаева, распаўсюджваюцца чуткі, што нібыта адмянілі гэты ўказ:
“Ну, гэта відавочна, каб зьбіць парыў гэтай плошчы. Гэта падман, хлусьня, ніхто нічога не адмяняў. Толькі салідарнасьцю мы зможам адмяніць гэтыя ўказы, калі прадпрымальнікі здолеюць згуртавацца для абароны сваіх правоў.
Трэба выходзіць на плошчу. Чыноўнікі кажуць, што акцыя несанкцыянаваная – гэта хлусьня. Яна санкцыянавана найвышэйшым законам – канстытуцыяй – і правам на абарону нашых правоў – прадпрымальнікаў і наёмных асобаў”.
Прадпрымальнік Руслан Луцэнка ў мінулыя выходныя вярнуўся з турмы, дзе адбываў 10-суткавы арышт за распаўсюджваньне ўлётак пра мітынг на Кастрычніцкай плошчы:
“Мы вольныя духам. Нават калі нас пасадзіць, мы застанемся вольныя духам. Таму пацьверджаньне Казулін, Клімаў, Дашкевіч.
Нас проста зачыняць, ліквідуюць. І будзе краіна рабоў, і людзі будуць працаваць толькі дзеля таго, каб паесьці і падыхаць паветрам. І будзе абсалютная ўлада. Вось да чаго гэта ўсё ідзе”.
На пытаньне, як будзе рэагаваць міліцыя на выступ прадпрымальнікаў на Кастрычніцкай плошчы, у менскай управе міліцыі сказалі, што “міліцыя будзе ахоўваць грамадзкі парадак”. Кіраўнік ідэалягічнай управы Менгарвыканаму Генадзь Курбека адмовіўся ад камэнтароў:
“Я ўсё сказаў заяўнікам. І прадстаўнік галоўнай управы ўнутраных спраў таксама ім усё сказаў”.
А як ставіцца да сёньняшняга пратэсту на Кастрычніцкай плошчы кіраўнік Менскага саюзу прадпрымальнікаў і арандатараў Уладзімер Карагін?
“Як саюз мы ў гэтай справе, вядома, ня ўдзельнічаем. Страйкі, дэманстрацыі – гэта мэтады барацьбы наёмных рабочых. Прадпрымальнікі маглі б больш актыўна працаваць у саюзах, асацыяцыях і дамагацца рэалізацыі сваіх ініцыятываў”.