Уладзімер Арлоў, Менск Новая перадача сэрыі “Імёны Свабоды”
Заўтра, 4 лютага – дзень нараджэньня Лявона Баразны, чалавека, зь якім я не пасьпеў пазнаёміцца, але які стаў героем майго юнацтва.
Па прафэсіі Лявон быў мастак і мастацтвазнаўца. Ён стварыў шэраг альбомаў, прысьвечаных народнаму адзеньню і беларускім арнамэнтам. Ён, па сутнасьці, заснаваў школу нацыянальнага сцэнічнага касьцюму і “апрануў” дзясяткі фальклёрных ансамбляў. Ягоная кніга “Гравюры Францыска Скарыны” стала надзвычай важкім даробкам у Скарыніяну.
Ягоныя талент і майстэрства гарантавалі спакойнае й заможнае жыцьцё.
Аднак па духу Баразна быў змагар. Ён ня мог зьмірыцца з русіфікацыяй, скіраванай ня толькі супраць мовы, але і супраць народнага мастацтва і гістарычнай спадчыны. У сваім асяродзьдзі ён, не баючыся сексотаў, казаў пра неабходнасьць выхаду Беларусі з СССР. Сябры згадваюць, што “з гэтай ідэяй ён падымаўся і клаўся спаць”.
Менавіта Лявон Баразна разам зь Зянонам Пазьняком распачаў змаганьне з заплянаваным уладамі зьнішчэньнем старажытнай менскай вуліцы Няміга. Артыкул у яе абарону сябрам удалося надрукаваць у газэце “Правда”, што ў вачах тутэйшага чынавенства рабіла іх асобамі небясьпечнымі.
У жніўні 1972-га Баразна рыхтаваў першую грамадзкую акцыю пратэсту супроць дзейнасьці менскіх герастратаў. У адзін з тых вечароў ён кінуўся на вуліцы ратаваць жанчыну, на якую напалі бандыты. Жанчына імгненна зьнікла, а Лявон атрымаў нанесены спрактыкаванай рукой сьмяротны ўдар. Блізкія Баразны ўпэўненыя: дзейнічала рука спэцслужбаў.
У 1975-м, калі я вучыўся на 5-м курсе БДУ, Лявонавы сябры наладзілі ў Менску ягоную пэрсанальную выставу. Яна мела велізарны рэзананс. Да кнігі водгукаў нязьменна цягнулася чарга. Там людзі пісалі і чыталі пра тое, чым жыў Баразна. Гэта быў выбух зьняважаных пачуцьцяў нацыянальнай і чалавечай годнасьці. Памятаю, адна старонка проста крычала вялікімі літарамі: "Спыніць русіфікацыю! Тут – Беларусь!"
Я хадзіў на выставу кожны дзень. Кніга водгукаў заўсёды была новая (учарашнюю, відаць, забіралі ў КГБ), але яна ўмацоўвала веру: нас – шмат, і тут – сапраўды Беларусь.