Эўрапейскі марш. Онлайн-рэпартаж

Радыё Свабода <embed title="Online clocks for your website, blog, myspace" src="http://www.respectsoft.com/onlineclock/onlineclock.swf?timezone_id=41&ccolor=red" quality="high" wmode="transparent" bgcolor="#ffffff" width="88" height="31" align="left" allowScriptAccess="sameDomain" type="application/x-shockwave-flash" pluginspage="http://www.macromedia.com/go/getflashplayer" /> *
17.59 Моладзевыя актывісты паведамілі Свабодзе, што будуць папросту шпацыраваць па праспэкце Незалежнасьці (Скарыны) невялікімі групамі, несучы эўрапейскую сымболіку, каб такім чынам прапагандаваць эўрапейскія каштоўнасьці.

17.27 Калёна моладзі, якая ішла па вуліцы Сурганава, разьбілася на групы. Маладыя людзі дварамі прабіраюцца да праспэкту, меркавана, што яны сустрэнуцца ў раёне Кастрычніцкай плошчы.

17.19 Моладзь вырашыла ісьці на праспэкт і групамі рушыла ў бок праспэкту Незалежнасьці (Скарыны). Прыкладна 300 чалавек ідзе калёнай па вуліцы Сурганава.

16.59 Частка моладзі, якая прыйшла ў парк Дружбы народаў, ня хоча далучацца да мітынгоўцаў і скандуе: “На праспэкт!”

16.50 На пляцы Бангалор пачаўся імправізаваны мітынг. Падключаная гукаўзмацняльная апаратура. Да мітынгоўцаў далучылася апошняя калёна – з групы моладзі, што спрабавала прайсьці да Нацыянальнай бібліятэкі.

16.45 Калёна моладзі, якая рухалася па вуліцы Багдановіча, збочыла на вуліцу Кульман і ідзе ў бок вуліцы Карастаянавай. За калёнай едуць аўтобусы зь міліцыянтамі.

16.34 Моладзь вырашыла ня збочваць у парк Дружбы народаў. Удзельнікі шэсьця ідуць па вуліцы Максіма Багдановіча ў бок Траецкага прадмесьця, па ранейшаму рухаючыся па праезнай частцы.

16.29 Калёна моладзі дайшла да плошчы Бангалор і пайшла па крузе вакол плошчы па праезнай частцы. Калёну суправаджаюць супрацоўнікі ДАІ, а ўнутры калёны ідуць байцы спэцназу ў цывільным.

16.28 Большасьць удзельнікаў Маршу застаюцца на плошчы Бангалор, да іх далучаюцца тыя, хто рушыць па вуліцы Сурганава

16.25 Авангард калёны “Эўрапейскага маршу” дайшоў да плошчы Бангалор. Некаторыя людзі разыходзяцца. Калёну замыкае група моладзі, якая заняла ўсю праезную частку вуліцы.

16.15 Паводле аднаго з арганізатараў “Эўрапейскага маршу” Віктара Івашкевіча, у канцавым пункце акцыі плошчы Бангалор мітынгу ня будзе. Сэнс маршу ў тым, каб прадэманстраваць іншым людзям, што ў Беларусі ёсьць тыя, хто хочуць свабоды ў Беларусі і незалежнасьці краіны, -- паведаміў Івашкевіч.

16.00 Калёна моладзі збочыла на вуліцу Сурганава, каб далучыцца да астатніх удзельнікаў акцыі. Яны адмаўляюцца ісьці па ходніках і застаюцца на праезнай частцы.

15.51 За акцыяй моладзі на праспэкце Незалежнасьці (Скарыны) назіраў другі сакратар амбасады ЗША Стывэн Гілэн. Да яго падышла здымачная група першала каналу Беларускага дзяржаўнага тэлебачаньня й пачала задаваць пытаньні. Людзі з калёны ўбачылі гэта й пачалі скандаваць: “БТ хлусіць!”

15.45 Перадае Ганна Соўсь: “Толькі што адзін з арганізатараў Эўрапейскага маршу Віктар Івашкевіч зьвярнуўся да людзей, якія знаходзяцца ля Акадэміі навук з паведамленьнем, што ўлады не дазволілі ўсталяваць гукаўзмацняльную апаратуру на плошчы Бангалор. Але спадар Івашкевіч заклікаў людзей прайсьці калёнамі да плошчы Бангалор, каб выказаць сваю салідарнасьць зь ідэямі яднаньня з Эўразьвязам. І зараз фактычна пачынаецца рух калёны ў бок плошчы Бангалор”.

15.44 Ганна Соўсь паведамляе з Акадэміі Навук:

15.39 Група моладзі вырашыла разьвярнуцца й пайсьці назад да Акадэміі навук, каб зноў злучыцца з астатнімі ўдзельнікамі акцыі. Яны патлумачылі, што вырашылі прарваць кардоны міліцыі й пайсьці далей, каб паказаць уладам, што іх не запалохаць.Іх суправаджае міліцыя й спэцназ.

15.25 Калёна моладзі прыблізна ў 500 чалавек рухаецца далей па праспэкце, людзі занялі ўсю праезную частку. Каля плошчы Калініна моладзь разгарнула вялікі сьцяг Эўразьвязу ў некалькі мэтраў даўжынёй.

15.17 Маладыя людзі, удзельнікі шэсьця, прарвалі кардоны міліцыі й рушылі па праезнай частцы праспэкту далей, у бок Парка Чэлюскінцаў.

15.12 Калёна дайшла да Акадэміі навук.

15.05 Дэманстранты рухаюцца па праезнай частцы праспэкту Незалежнасьці (Скарыны), яны ўжо знаходзяцца каля політэхнічнай акадэміі. Супрацоўнікі ДАІ адціснулі частку людзей адціснулі на правы бок праезнай часткі. Рух транспарту адбываецца па левай частцы праспэкту. Затрыманьняў удзельнікаў акцыі, нягледзячы на невялікія сутычкі, пакуль няма.

15.01 Ад Акадэміі навук перадае Ганна Соўсь:



“У гэты момант калёна, якая ідзе ад Кастрычніцкай плошчы, падыходзіць да Акадэміі навук. Людзі ідуць па праезнай частцы, многія з тых, хто сабраліся ля Акадэміі навук, таксама выйшлі на дарогу. Я бачу, як міліцыянты павалілі чалавека, ён ня можа ўстаць, відаць, моцна яго ўдарылі. Міліцыянты праз гукаўзмацняльнікі папярэджваюць, каб людзі пакінулі праежджую частку”.

14.57 Некалькі соцень чалавек выйшлі на праезную частку праспэкту Незалежнасьці між вуліцай Казлова й плошчай Якуба Коласа. Міліцыянты пакуль не разганяюць калёну, але просяць людзей вярнуцца на ходнікі.

14.54 Калёна дэманстрантаў на чале з Аляксандрам Мілінкевічам, Вінцуком Вячоркам, Сяргеем Каолякіным і Анатолем Лябедзькам рухаецца ў раёне вуліцы Казлова. Сярод нацыянальнай беларускай сымболікі і сьцягоў Эўразьвязу таксама ёсьць украінскія і анархісцкія сьцягі, партрэты палітзьняволенага Зьмітра Дашкевіча.

14.45 Слухайце аўдыё паведамленьня Любові Лунёвай ад Плошчы Перамогі:

14.40 Частка людзей выйшла на праезную частку на плошчы Перамогі. Іх выціскаюць на ходнікі супрацоўнікі ДАІ.

14.36 Калёна дайшла да плошчы Перамогі. Дэманстранты дагэтуль рухаліся па ходніку з боку парку Горкага, але каля вечнага агню частка людзей перайшла на другі бок праспэкту па падземным пераходзе. У калёне, апроч беларускіх моладзевых актывістаў, ёсьць прадстаўнікі ўкраінскай арганізацыі “Наша краіна”. Тут можна заўважыць і некалькі чалавек у майках з надпісамі “ПОРА”.

14.35 Слухайце аўдыё паведамленьня Любові Лунёвай. Яна ідзе разам з калёнай, што ідзе ад Кастрычніцкай плошчы:

14.30 Ля Акадэміі навук запрацавала гукаўзмацняльная апаратура. Галоўны рэдактар газэты “Народная Воля” Іосіф Сярэдзіч паведаміў, што дзеля ўдзелу ў “Эўрапейскім маршы” адмовіўся ад прысутнасьці на вясельлі блізкай сваячкі. А адзін спадар уцёк са шпіталю з анкалягічнага аддзяленьня, каб узяць удзел у акцыі.

14.20 Калёна ўдзельнікаў Эўрапейскага маршу, у якой знаходзяцца каля 1.500 чалавек, дайшла да цырку. Да акцыі паступова далучаюцца моладзевыя актывісты. Яны скандуюць: “Незалежнасьць!”, “Уладу – народу!”, “Моладзь і свабода!”

14.15 Калёна мітынгоўцаў каля дзьвюх тысячаў чалавек рушыла з Кастрычніцкай плошчы ў бок Акадэміі Навук. Міліцыя не перашкаджае ўдзельнікам акцыі, але папярэджвае, каб не выходзілі на праезную частку.

14.12 На плошчу прыйшоў Аляксандар Мілінкевіч і пачаў прамаўляць да прысутных праз мэгафон. Ён заклікаў удзельнікаў акцыі пайсьці разам да Акадэміі навук па праспэкце Незалежнасьці (былым праспэкце Скарыны).

14.10> На Кастрычніцкай плошчы каля 500 чалавек, якія фармуюць калёну, каб ісьці ў бок Акадэміі навук. Міліцыя паведамляе праз гукаўзмацняльнікі, каб людзі сыходзілі з плошчы, і рухаліся па ходніках.

14.05 Ля Акадэміі навук ужо каля 300 чалавек. Лунаюць бел-чырвона-белыя і сьцягі Эўразьвязу. Сярод прысутных уся сям’я палітзьняволенага Аляксандра Казуліна з плякатам “Свабоду Казуліну”. Пад’яжджаюць машыны дыпляматаў Эўразьвязу, якія назіраюць за акцыяй.

13.56 На Кастрычніцкай плошчы зьявілася машына з гукаўзмацняльнай апаратурай, празь якую міліцыянты зьвяртаюцца да ўдзельнікаў маршу й просяць іх сысьці на дазволенаt месца збору – да Акадэміі навук. Тым часам некалькі моладзевых актывістаў разгарнулі расьцяжку “Малады фронт” і сталі каля будынку Палацу Прафсаюзаў.

13.51 У дазволеным месцы збору “Эўрапейскага маршу” ля Акадэміі навук ужо больш за 100 чалавек. Сярод прысутных – адзін з заяўнікаў акцыі Віктар Івашкевіч.

13.49 Дэпутат Эўрапарлямэнту ад Польшчы Януш Анышкевіч, затрыманы памежнікамі й знаходзіцца ў Берасьці.

13.38 Доступ на Кастрычніцкую Плошчу пакуль не закрыты. Ля Палацу Прафсаюзаў сабраліся некалькі дзясяткаў чалавек.

13.20 Дэпутата Эўрапарлямэнту ад Польшчы Януша Анышкевіча не пусьцілі ў Беларусь. Яму не дазволілі праехаць польска-беларускую мяжу. Палітык ехаў ў Менск на запрашэньне арганізатараў “Эўрапейскага маршу”.

13.10 На Кастрычніцкай плошчы, на вуліцы Янкі Купалы і на пляцоўцы ля цырку знаходзяцца супрацоўнікі міліцыі ў цывільным. Адрозьніць ад мінакоў іх можна толькі па адмысловых дроціках рацыяў.

12.55 Віктар Івашкевіч пра SMS, які дасылаюцца ад ягонага імя з заклікам прыйсьці на плошчу Бангалор а 14-й: “Гэта дзеяньні ўладаў, каб дэзарыентаваць людзей, што зьбіраюцца прыйсьці а 14-ай на Кастрычніцкую плошчу”.

12.50 Салігорскі маладафронтавец Іван Шыла: “Сацыяльныя пэдагогі ходзяць па хатах школьнікаў, і гавораць бацькам, каб пільнавалі дзяцей, якія могуць паехаць у Менск на “Эўрапейскі марш”.

12.40 Некаторым палітычным актывістам прыходзяць СМС-кі з заклікам прыходзіць а 14-й на плошчу Бангалор і з подпісам "Івашкевіч". Нумары, зь якіх прыходзяць паведамленьні, недаступныя.

12.30 “На выезьдзе зь Вілейкі нас суправаджаў намесьнік начальніка раённай міліцыі”, -- паведаміў прадстаўнік вілейскай філіі БНФ Аляксей Сюдак пра паездку ў Менск на “Марш свабоды”.

12.07 СМС: Каля Акадэміі людзей няма, ля Бібліятэкі спакойна, тэхнікі ня бачна

12.00 Як паведамляе Белгідрамэтэацэнтар, сёньня ў Менску днём +3, +5 градусаў. Ціск 765 мілімэтраў ртутнага слупка. Вільготнасьць 75 працэнтаў. Пераменная воблачнасьць. Без ападкаў.