Галіна Дамашэвіч: “Беларуская пісанка самая незвычайная”

Міхась Скобла, Менск Новая перадача сэрыі “Вольная студыя” (эфір 8 сакавіка).
Спрадвеку існуе звычай на Вялікдзень фарбаваць яйкі і асьвячаць іх у храме. Чырвонае яйка сымбалізуе ўваскрошаньне Ісуса Хрыста, сымбалізуе вечнае жыцьцё. Мастацкі росьпіс яек распаўсюджаны ва ўсім хрысьціянскім сьвеце.

Беларуская мастачка Галіна Дамашэвіч стварае ўзоры пісанак цягам усяго жыцьця і мае найвялікшую ў сьвеце калекцыю. Пра сваё захапленьне яна можа гаварыць бясконца.

Міхась Скобла: “Спадарыня Галіна, з чаго пачалося Вашае захапленьне пісанкамі? Калі Вы ўпершыню зразумелі, што велікоднае яечка апрача сакральнай функцыі можа выконваць і яшчэ адну, а менавіта – быць творам мастацтва?”

Галіна Дамашэвіч: “Мастацкіх пісанак у простага народу не было. Звычайна, цыбулькай падфарбоўвалі, бураком, альхой. А пісанкі былі ў інтэлігенцыі, у людзей заможных. І спрадвеку ў Беларусі, кожны Вялікдзень, калі ішлі адведваць сваякоў, то несьлі не гарэлку, а пісанкі. Памятаю, як у сярэдзіне 1930-х гадоў бацька павёз мяне ў Нясьвіж, у замак Радзівілаў. У замку ў сталовай стаялі падносы, а на іх ляжалі пісанкі. Пісанкі былі розныя-розныя, і паводле ўзораў, і паводле велічыні яек. І я з тае пары пачала маляваць яйкі дома. А ў 1939 годзе ў нас на Клеччыне вельмі шмат каго вывозілі ў Сыбір, “раскулачвалі”. І перад Вялікаднем бацька паехаў да майстрыхі па чарговыя пісанкі. А застаў там разбураны хутар, на падлозе валяліся абрыўкі сшытка з узорамі пісанак. Бацька іх сабраў, прывёз дадому і сказаў мне (на ўсё жыцьцё запомніліся ягоныя словы): “Дачушка, там у Сыбіры пагінуць нашы мастакі, то трэба пераймаць іхняе мастацтва, трэба іх памінаць”. І я кожны год памінаю: тых беларускіх мастачак, скрыпачоў, пісьменьнікаў, артыстаў, якія не вярнуліся з Сыбіры”.

Скобла: “Значыць, Вы займаецеся пісанкамі ўжо амаль семдзесят гадоў. Колькі за гэты час Вы распрацавалі ўзораў? Колькі пісанак у вашай калекцыі?”

Дамашэвіч: “Я была захварэла і доўгі час не магла выходзіць з хаты. То ў гэты час мая калекцыя істотна павялічылася і цяпер налічвае 500 альбомаў па 500 пісанак у кожным: агулам у калекцыі 250 000 пісанак. Тут я хацела б удакладніць: ёсьць маляванкі, а ёсьць пісанкі. Пісанкі толькі ў Беларусі. Ні Ўкраіна, ні Літва, ні Польшча пісанак ня маюць. Пісанка ідзе палоскамі, і фактычна ўсё яйка малюецца на палоскі, і кожная палоска – узор. Бацька мой гаварыў не “пісанкі”, а “пасанкі”, тлумачыў – ад слова “пас”, “пасак”. І казаў, што палоскі павінны ісьці па яйку, як паскі па спадніцы беларускай кабеты. Яшчэ адно ўражаньне з маленства прыгадаю. Пасьля вызваленьня з-пад Польшчы бацька ізноў ехаў у Нясьвіж і ўзяў мяне з сабой. Прыехалі мы ў Нясьвіскі замак, і я вяду бацьку за руку – паказаць той пакой, дзе мы ў мінулы раз бачылі пісанкі: “Помніш, тата?” Зайшлі, і бацька мой аслупянеў. Гляджу, сядзяць двое чырвонаармейцаў босыя, паразьвешвалі анучы сушыць, а самі шпурляюць у сьцяну пісанкамі. Рагочуць: “Буржуйская забава”. Вось такая культура прыйшла...”



Скобла: “Чырвоны колер велікоднага яечка сымбалізуе жыцьцё, сымбалізуе зьмёртвыхпаўстаньне Ісуса Хрыста. Вы ж у сваіх узорах выкарыстоўваеце ўсе колеры вясёлкі. Ці ня ёсьць гэта адступленьнем ад традыцыі, якая складалася вякамі?”

Дамашэвіч: “Векавая традыцыя такая – беларуская пісанка мае быць рознакаляровай. І сыцяг уваскрослага Ісуса Хрыста таксама каляровы – бела-чырвона-белы. У маёй калекцыі гэтае спалучэньне колераў нярэдка сустракаецца. А пісанка беларуская можа быць падоўжаная, папярэчная і ўскосная. Ідзе ўзорная паласа, і ў гэтай паласе – усе колеры вясны: зялёны, фіялетавы, жоўты і белы. А чорны колер таксама выкарыстоўваўся, але з даўніх-прадаўніх, яшчэ паганскіх часоў – для жалобнага абраду. Фарбаванае на чорны колер яйка клалі ў труну нябожчыку – на дарогу. А калі нараджалася немаўля, то маці давалі найперш выпіць яйка, гэта прыкмета жыцьця. Гэтыя звычаі я яшчэ памятаю, яны былі ў нас. А цяпер усё гэта прападае, і так страшна, што мы губляем свае асаблівасьці”.

Скобла: “На Вашых пісанках – незвычайныя, самыя разнастайныя ўзоры. І колькі я ні стараўся, ні гартаў альбомы, не знайшоў аніводнага паўтору. Вось я бачу на некаторых пісанках васількі. І сапраўды, як здаўна гаварылі ў народзе: “Няма цьвяточка над васілёчка”. А якія яшчэ кветкі квітнеюць на Вашых пісанках?”

Дамашэвіч: “На маіх пісанках квітнеюць самыя розныя кветкі: і юргіні, і ружы, і язьмін, і нарцысы. Кветку бэзу вельмі люблю маляваць, яна нагадвае крыжык”.



Скобла: “А вось тут я бачу птушачак. Здаецца, гэта галубы. Кім яшчэ прадстаўлены на вашых пісанках жывёльны сьвет?”

Дамашэвіч: “Найчасьцей малюю птушачак: куранятак, галубочкаў. Калі хварэла, упершыню зблізку назірала галубоў на падваконьні. Галубіныя вочы круглыя, як расінкі, у іх, як у расінках, адбіваецца сьвет. Таму галубоў люблю маляваць. Малюю на яйках сабачак, катоў, зайчыкаў, рыбак, раблю блакітныя яйкі. Але гэта ўсё несур’ёзна, такія яйкі, як цацкі. Яны маляваліся для дзяцей. Калі ішлі ў госьці, то бралі з сабой такія пісанкі, каб дзяцей пацешыць”.

Скобла: “Вашыя пісанкі часам нясуць ня толькі відэаінфармацыю, але і тэкставую. Што, напрыклад, азначаюць гэтыя дзьве літары – ВА?”

Дамашэвіч: “Вясёлага Алілюя. Часам я пішу словы “Хрыстос уваскрос!” Прычым стараюся рабіць надпісы на розных мовах. У мяне такі прынцып, калі віншуеш швэда, немца ці баўгарына, то будзь інтэлігентным і зрабі надпіс на ягонай роднай мове. Бо ж усе людзі на сьвеце сьвяткуюць уваскрошаньне Ісуса Хрыста. Я ж у свой час вучылася ў Інстытуце замежных моваў, то сама магу надпісаць пісанку па-нямецку, па-польску, па-украінску, з дапамогай мужа – па-француску, сын дапамагае надпісаць па-чэску, унучка – па-гішпанску. Ну і, вядома, надпісваю па-беларуску.

Памятаю, муж павіншаваў маімі пісанкамі Ўладзімера Караткевіча, яны сябравалі. Назаўтра муж пайшоў на працу, а мне тэлефонны званок: “Гэта Караткевіч. Кабетка, мілая, ты сама ня ведаеш, што ты робіш! Ты ж працягваеш амаль страчаную традыцыю! Я табе зайздрошчу, што ты можаш такое рабіць! Я прышлю табе сваё віншаваньне”. Назаўтра Валодзя прыносіць тое віншаваньне: на малюнку два яечкі, напісана “Хрыстос уваскрос!” і пажаданьне: “Галіну і Валодзю Дамашэвічаў віншую са сьвятам!”

Скобла: “Ці давялося пры сустрэчы пахрыстосавацца з Караткевічам?”

Дамашэвіч: “Не, мне не ўдалося, у мяне поўная хата дзяцей і ўнукаў была. А з Валодзем яны хрыстосаваліся добра”.

Скобла: “Узоры Вашых пісанак непаўторныя. Адзінае, што паўтараецца – бела-чырвона-белая апаяска. Вы ўжо сказалі, што гэта сьцяг Хрыста. А палітычнага падтэксту на Вашых пісанках няма?”

Дамашэвіч: “Так, цяпер гэта ў мяне вельмі зьвязана з нашым часам. Я люблю глядзець, калі разьвіваюцца бела-чырвона-белыя сьцягі на плошчах. Яны так цешаць вока! Яны радуюць усіх беларусаў! Можа, беларусы пад гэтым сьцягам урэшце абудзяцца і ўсьвядомяць, хто яны. Зразумеюць, які ў іх сьцяг! Зразумеюць, што маюць і сваю гісторыю, і сваю мову, і свае звычаі. Так што сёньня свой бела-чырвоны сьцяг я хачу несьці вельмі высока”.

Скобла: “Пры калекцыі пісанак маецца кніга водгукаў. З Вашага дазволу працытую адзін запіс, пакінуты мастаком Генадзем Сокалавым-Кубаём: “Гэтая ўнікальная калекцыя мае вялікую мастацкую і гістарычную каштоўнасьць. Фантастычная колькасьць пісанак! Усё адпавядае нацыянальным беларускім традыцыям. Гэта база, на падставе якой можна разьвіваць мастацтва пісанак у Беларусі. Калекцыя павінна быць у дзяржаўным музэі народнай творчасьці”. А ці не зьбіраецеся вы сапраўды перадаць сваю калекцыю ў музэй?”



Дамашэвіч: “Калекцыя ёсьць калекцыя, і зь яе нешта захаваецца. Захаваецца для народу. Калі ў мяне пісанак сабралася больш за сто тысяч, я пачала думаць, што зь імі рабіць, куды іх падзець? Дзе іх зьберагаць? Калі б у мяне быў маёнтак, як у маіх продкаў Браніцкіх, то ў ім знайшлося б месца і для калекцыі пісанак. І людзі ехалі б паглядзець на яе з цэлага сьвету. Бо пасьля выставы маіх пісанак у менскім Чырвоным касьцёле, арганізаванай ксяндзом-магістрам Уладыславам Завальнюком, мне прысылалі захопленыя лісты з Бэльгіі, з Украіны, зь Літвы, з Польшчы, з Францыі. І я зразумела, што мая калекцыя – кштоўнасьць, набытак майго народу.

Мяне ня будзе, а хтосьці будзе захапляцца маімі пісанкамі. І я падумала, што трэба рыхтаваць сваю калекцыю, як дачку на выданьне. Наведваў выставу і міністар культуры. І ён пра музэй гаварыў, але казаў, што міністэрства ня мае грошай, каб выкупіць калекцыю. А я кажу: “Дару вам яе бясплатна, толькі дайце ёй добрую хату!”. Вось так пагаварылі, а пасьля ўсё заглухла. Праўда, мне былі прапановы. Палякі гаварылі: “У нас ёсьць Беларускі музэй у Гайнаўцы, давайце разьмесьцім Вашу калекцыю там, мы створым умовы захаваньня”. Літоўцы прапаноўвалі канкрэтна: “Бярыце калекцыю, і заўтра мы Вас чакаем у Вільні”. Але я не хачу збываць свае пісанкі за мяжу, хай беларускія дзеткі глядзяць і цешацца. Так што, бачыце, да маёй “дачушкі” сваталіся, але “замуж” пакуль яна так і ня выйшла”.

Скобла: “Будзем спадзявацца, што Ваш скарб усё ж застанецца на радзіме. Спадарыня Галіна, Вашаму жыцьцёваму аптымізму можна толькі пазайздросьціць. Зь якіх крыніцаў Вы яго чэрпаеце?”

Дамашэвіч: “Я лічу, што чалавек павінен жыць любоўю. Любоў нам дадзеная ад Бога. Таму я, нягледзячы на свае гады, люблю музыку, люблю жывапіс, люблю паэзію, люблю прыгожае адзеньне на людзях. Увогуле люблю прыгажосьць. У мяне мой народ павінен быць прыгожым. Я люблю песьні сьпяваць, яны ў нас такія прыгожыя. А нядаўна ў мяне верш зьявіўся: “Зноў песьня званоў будзе раздавацца над пагоркамі, далінамі і гарадамі. Памажы нам, Божа, з калень падняцца, зьлітуйся над намі і заўжды будзь з намі!”