«Кіраўнікі сілавога блёку павінны былі самі падаць заяву аб адстаўцы»

Сьвятлана Калінкіна

Наколькі адэкватна гучаць вэрсіі тэракту, якія былі агучаныя старшынём КДБ Беларусі? Наколькі праўдападобнымі выглядаюць прадстаўленыя вэрсіі? Ці можа Аляксандар Лукашэнка выкарыстаць гэтую сытуацыю для радыкальных кадравых зьменаў у кіраўніцтве сілавых структур? На гэтыя пытаньні адказвае шэф-рэдактар газэты "Народная воля" Сьвятлана Калінкіна.

Цыганкоў
: Як выглядаюць тыя вэрсіі, якія былі прадстаўленыя грамадзкасьці?

Калінкіна: Шчыра кажучы, апошняй заявай старшыні КДБ пра тры вэрсіі, я проста зьбянтэжаная. Бо, на мой погляд, гэта проста несур’ёзная вэрсія. Калі казаць пра вэрсію нумар адзін, што нехта паспрабаваў узарваць стабільнасьць у Беларусі гэтым тэрактам, дык гэта, мне здаецца, відавочна кожнаму, хто чуў пра тое, што адбылося. Таму нічога новага старшыня КДБ увогуле не агучыў, хаця ўчора атрымаў загад працаваць канкрэтна.

Другая вэрсія — нібыта гэта ўчыніў нехта пакрыўджаны. З намёкамі на анархістаў і з намёкамі на тых, хто быў затрыманы пасьля падзеяў 19 сьнежня. Гэтая вэрсія ўвогуле несур’ёзная, бо адны з гэтых людзей сядзяць у СІЗА, іншыя знаходзяцца пад сталым наглядам.
Альбо спэцслужбы ў разгубленасьці ад таго, што адбылося, альбо яны проста ня хочуць нам гаварыць пра тыя вэрсіі, над якімі працуюць.

Трэцяя вэрсія пра нездаровага чалавека таксама, на мой погляд, не гаворыць пра прафэсійнасьць.

Таму нам застаецца толькі здагадвацца, альбо спэцслужбы ў разгубленасьці ад таго, што адбылося, альбо яны проста ня хочуць нам гаварыць пра тыя вэрсіі, над якімі працуюць.

Цыганкоў: Выглядае, што зараз у Аляксандра Лукашэнкі ёсьць шырокі выбар магчымасьцяў. Ён можа наладзіць кадравую чыстку ў сілавых структурах, ён можа ў залежнасьці ад сытуацыі «прызначыць» вінаватых у гэтых выбуху..

Калінкіна: Шчыра кажучы, на каго б ні ўскладаць адказнасьць — на замежныя сілы, на ўнутраныя, на хворых людзей, — дапусьцілі гэты тэракт сілавікі. І на мой погляд, кіраўнікі сілавога блёку павінны былі самі падаць заяву аб адстаўцы. Бо ў самым дурным сьне немагчыма было ўявіць, што ў Менску могуць адбывацца такія падзеі. Бо ніякіх падставаў для тэрактаў у Беларусі няма — у нас няма тэрарыстычных арганізацый, міжнацыянальных, рэлігійных канфліктаў.

Таму тут цалкам віна на сілавіках. Яны займаліся апошні час ня той справай. Вось гэты палітычны вышук, якім толькі і займаліся органы, у тым ліку і прывёў да таго, што адбылося. Бо трэба было займацца сапраўднымі злачынцамі.