Яго ўжо ўнесьлі ў катэдральныя саборы Горадні і Менску, сёньня ён будзе дастаўлены ў катэдральную базыліку Унебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пінску, а потым у катэдральны касьцёл Езуса Міласэрнага ў Віцебску.
Усяго яго плянуецца даставіць у больш як 140 рымска-каталіцкіх і грэка-каталіцкіх парафій Беларусі.
Практыка распаўсюджваньня Бэтлеемскага агню пачалася ў 1986 годзе. Тады супрацоўнікі аўстрыйскай радыёкампаніі ORF вырашылі такім чынам аддзячыць ахвярадаўцам дабрачыннай акцыі «Сьвятло ў цемры». Акцыя, якая плянавалася разавай, стала міжнароднай каляднай традыцыяй. Праз тры гады ініцыятыву падхапілі скаўты, перадаючы полымя з Бэтлеему спачатку ў суседнія з Аўстрыяй краіны, а пазьней — і ў больш аддаленыя, нагадвае сайт catholic.by.
Гэты агонь запальвае дзіця або падлетак зь нязгаснай лямпады ў гроце Нараджэньня Гасподняга ў Бэтлееме, пасьля чаго адмысловым авіярэйсам яго дастаўляюць у Аўстрыю, адкуль разносяць па розных краінах.
Аднак сёлета, праз канфлікт на Блізкім Усходзе, упершыню распаўсюджваецца Бэтлеемскі агонь, прывезены летась, які цэлы год захоўвалі аўстрыйскія скаўты.
- У Беларусь Бэтлеемскі агонь упершыню афіцыйна прывезьлі ў 1998 г. Ад 2008-га яго ў парафіі дастаўляюць каталіцкія скаўты. Сёлета яго дастаўляюць скаўты зь Віцебска, Горадні, Жодзіна, Івянца, Менску і Полацку.