Пра гэта паведаміў Барташ Левандоўскі, абаронца дэпутата ад «Права і справядлівасьці» Марціна Раманоўскага.
Марцін Раманоўскі зьвярнуўся да ўраду Вугоршчыны па абарону нібыта «ў сувязі з палітычна матываванымі дзеяньнямі спэцслужбаў, якія прывялі, у тым ліку, да незаконнага пазбаўленьня яго волі і парушэньня міжнароднага права».
Суд выдаў эўрапэйскі ордэр на арышт дэпутата «Права і справядлівасьць» Марціна Раманоўскага. Былога віцэ-міністра юстыцыі цяпер шукаюць ня толькі ў Польшчы, але і ва ўсім Эўразьвязе.
Дэпутат «Права і справядлівасьці» і былы намесьнік міністра юстыцыі знаходзіцца ў вышуку ў сувязі з расьсьледаваньнем адносна Фонду юстыцыі. На мінулым тыдні суд пастанавіў арыштаваць палітыка на тры месяцы. Яго абаронца тады заявіў, што палітык ня змог прысутнічаць на пасяджэньні па стане здароўя.
Былому намесьніку міністра юстыцыі ў пракуратуры Польшчы выставілі 11 абвінавачаньняў.
Расьсьледаваньне тычыцца магчымых парушэньняў Раманоўскага ў справе Фонду юстыцыі. Палітыку выставілі абвінавачаньні, у тым ліку ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групоўцы, фальсыфікацыі тэндараў і прысваеньні больш як 100 мільёнаў злотых.
Польшча заявіла, што зьвернецца ў Эўракамісію ў сувязі з даваньнем Вугоршчынай прытулку Марціну Раманоўскаму.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Веслаў Шчэпаньскі заявіў у эфіры TVN24, што Камісія зможа перадаць справу ў Суд ЭЗ, і суд можа накласьці на Будапэшт штраф за невыкананьне вяршэнства права.
Намесьнік міністра падкрэсьліў, што Вугоршычына падпісала дакумэнт аб эўрапэйскім ордэры на арышт і таму павінна выконваць дзейнае ў ЭЗ заканадаўства.
Міністэрства замежных спраў Польшчы лічыць рашэньне Вугоршчыны недружалюбным у дачыненьні да Польшчы і Эўразьвязу актам.