У Кангрэсе ЗША адхілілі законапраект аб часовым фінансаваньні ўраду, краіне пагражае «шатдаўн»

Ілюстрацыйнае фота

Праз адхілены законапраект фінансаваньне фэдэральных агенцтваў ЗША завершыцца ўвечары 20 сьнежня, і ўжо ў выходныя можа парушыцца праца розных службаў — ад паветраных зносін да праваахоўных органаў.

Гэта можа стаць першым шатдаўнам са сьнежня 2018 году, які доўжыўся да пачатку 2019-га, падчас першага прэзыдэнцкага тэрміну Дональда Трампа.

Законапраект прадугледжваў у тым ліку прыпыненьне столі дзяржаўнага доўгу на першыя два гады прэзыдэнцтва Трампа, піша «Голас Амэрыкі».

Дакумэнт быў прапанаваны замест буйнога двупартыйнага пакета, супраць якога днём раней выступілі абраны прэзыдэнт ЗША і мільярдэр Ілан Маск, якога вылучалі на пасаду кіраўніка новага дэпартамэнту эфэктыўнасьці ўраду. Трамп і абраны віцэ-прэзыдэнт Джэй Ды Вэнс назвалі яго «падарункам для дэмакратаў».

Нягледзячы на тое, што дакумэнт падтрымаў Трамп, дзясяткі рэспубліканцаў, вядомых сваім строгім падыходам да дзяржаўных расходаў, выступілі супраць прыняцьця законапраекту, адзначае «Голас Амэрыкі». Дэмакраты заявілі, што не дадуць рэспубліканцам неабходнай падтрымкі. У выніку дакумэнт не набраў нават простай большасьці галасоў.

Прэс-сакратарка Джо Байдэна Карын Жан-П’ер заявіла, што дзейны прэзыдэнт «падтрымлівае двупартыйную дамову, каб захаваць працу ўраду, але ня гэты падарунак мільярдэрам, які рэспубліканцы прапанавалі прыняць у апошні момант».

Калі закон ня прымуць, ЗША пагражае «шатдаўн»: урад ня зможа выконваць частку сваіх функцый, што ставіць пад пагрозу каля 875 тысяч супрацоўнікаў, якіх могуць адправіць у неаплатны водпуск. Акрамя таго, гэта азначае, што крытычна важны пэрсанал будзе працаваць у сьвяты без заробку.

Пазьней рэспубліканцы ў Кангрэсе абвясьцілі аб дасягненьні новай дамоўленасьці аб фінансаваньні ўраду, якая павінна прадухіліць шатдаўн, і прызначылі тэрміновае галасаваньне па гэтым законапраекце. Абраны прэзыдэнт Дональд Трамп падтрымаў гэтую вэрсію законапраекту пасьля таго, як раней адхіліў двупартыйны варыянт.

«Пагадненьне дасягнутае», — заявіў журналістам рэспубліканец Том Коўл, старшыня камітэта, які ўхваляе бюджэтныя выдаткі.

Дэмакраты пакуль не камэнтавалі ўмоў пагадненьня. Для набыцьця дакумэнтам сілы і перадухіленьня прыпыненьня працы ўраду, пачынаючы з суботы, неабходна ўхваленьне Сэнату ЗША, дзе дэмакраты маюць нязначную большасьць, а таксама подпіс прэзыдэнта-дэмакрата Джо Байдэна.

Калі заканадаўцы не пасьпеюць прыняць законапраект да апошняга тэрміну, пачнецца частковае закрыцьцё ўраду, больш за 2 мільёны фэдэральных службоўцаў рызыкуюць застацца без заробкаў. Упраўленьне транспартнай бясьпекі ЗША (TSA) папярэдзіла аб магчымых перабоях у працы аэрапортаў.

Трамп заклікаў заканадаўцаў прагаласаваць за новы пакет. Ён запатрабаваў, каб заканадаўцы ўладзілі ўсе пытаньні да ягонай інаўгурацыі, якая адбудзецца 20 студзеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сэнат ЗША ўхваліў законапраект аб частковым фінансаваньні ўраду
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Байдэн прадухіліў частковае закрыцьцё ўраду ЗША