У інтэрвію польскаму тэлеканалу TVP World Саламэ Зурабішвілі заявіла, што ня хоча пакідаць Грузію.
«Я чую здагадкі, што я стану [Сьвятланай] Ціханоўскай ці прэзыдэнтам Вэнэсуэлы (маецца на ўвазе экс-кандыдат у прэзыдэнты Эдмунда Гансалес, які пакінуў краіну), якіх прызнаюць, калі яны аказваюцца ў выгнаньні. І я чула таксама аб прысуджэньні прэміі Сахарава (прэмія „За свабоду думкі“ ўручана Эдмунду Гансалесу ў Эўрапарлямэнце 17 сьнежня. — рэд.). Я гэтага не хачу», — сказала Зурабішвілі, адзначыўшы, што мае патрэбу ў падтрымцы ў сваёй краіне.
18 сьнежня Саламэ Зурабішвілі, выступаючы на пленарнай сэсіі Эўрапарлямэнту ў Страсбургу, заклікала Эўразьвяз «праявіць большую рашучасьць і актыўнасьць» у дачыненьні да таго, што адбываецца ў Грузіі, і аказаць ціск на прарасейскі ўрад краіны для правядзеньня новых выбараў на фоне рэпрэсій у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў.
- 14 сьнежня калегія выбарнікаў абрала прэзыдэнтам Грузіі былога футбаліста Міхаіла Кавелашвілі, з чым яго павіншаваў Аляксандар Лукашэнка. Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам на пасаду прэзыдэнта, яго вылучыла кіроўная прарасейская партыя «Грузінская мара», якую ЦВК Грузіі абвясьціў пераможцам на спрэчных парлямэнцкіх выбарах у кастрычніку 2024 году. Упершыню за час незалежнасьці Грузіі прэзыдэнта абіралі не ўсеагульным галасаваньнем, а праз калегію выбарнікаў.
- Інаўгурацыя Кавелашвілі прызначаная на 29 сьнежня. Цяперашняя прэзыдэнтка Грузіі Саламэ Зурабішвілі, чые паўнамоцтвы заканчваюцца 16 сьнежня, назвала выбары «пародыяй і правакацыяй» і адмовілася складаць паўнамоцтвы да правядзеньня новых парлямэнцкіх выбараў у Грузіі. Вынікі парлямэнцкіх выбараў, якія прайшлі ў кастрычніку, Зурабішвілі, як і апазыцыйныя партыі Грузіі, лічыць нелегітымнымі.
- Дэмакратычная лідэрка Беларусі Сьвятлана Ціханоўская 29 лістапада заявіла, што «народ Грузіі мае права выбіраць свой лёс і эўрапэйскую будучыню» і заклікала жыхароў краіны «заставацца моцнымі» і працягваць змагацца «за сваю свабоду і дэмакратыю».