Дата дня
20 сьнежня 1994 году дэпутат Апазыцыі БНФ Сяргей Антончык, які быў у складзе антыкарупцыйнай парлямэнцкай камісіі, якую ўзначальваў Аляксандар Лукашэнка, выступіў у Вярхоўным Савеце з дакладам аб карупцыі ў бліжэйшым атачэньні прэзыдэнта.
У дакладзе Антончыка называліся фірмы і банкі, якія фінансавалі выбарчую кампанію Лукашэнкі (што было антызаконна і магло б быць падставай для зьняцьця з выбараў), гучалі прозьвішчы прызначаных прэзыдэнтам Лукашэнкам на самыя высокія пасады асобаў, наўпрост замяшаных у карупцыйныя схемы. Пасьля дакладу Антончыка Лукашэнка заплакаў.
Газэты, якія вырашылі надрукаваць даклад, у выніку выйшлі зь «белымі плямамі». Па выніках дакладу кіраўнік спраў прэзыдэнта Іван Ціцянкоў падаў пазоў аб абароне гонару і годнасьці, які Антончык прайграў, яго маёмасьць часткова канфіскавалі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму плакаў Лукашэнка. Даклад аб карупцыі ў атачэньні прэзыдэнтаТаксама ў гэты дзень
1569 — вялікі князь Жыгімонт Аўгуст надаў Суражу гарадзкі герб.
1812 – падчас вайны з войскам Напалеона расейская армія заняла Горадню.
1879 — Томас Эдысан правёў дэманстрацыю працы лямпы напальваньня.
1924 — у Латвіі ўтварылася культурна-асьветнае таварыства «Беларуская хата».
1927 — упершыню ў гісторыі прысвоенае званьне народнага артыста Беларусі. Атрымаў яго драматург, актор і рэжысэр Уладзіслаў Галубок. У 1937-м Галубка закатавалі ў засьценках НКВД.
1937 году — у Менску органы НКВД расстралялі гісторыка Васіля Дружчыца, мовазнаўцу Сьцяпана Некрашэвіча, літаратуразнаўцу Міхала Піятуховіча, палітыка Іосіфа Валадзько, акадэміка Івана Сурту і іншых.
У гэты дзень нарадзіліся
1840 — Казімер Альхімовіч, мастак, удзельнік паўстаньня Каліноўскага.
1890 — Аскар Марыкс, тэатральны мастак, жывапісец, народны мастак Беларусі.
1890 — Язэп Ядкоўскі, горадзенскі гісторык, краязнаўца, стваральнік Горадзенскага гісторыка-археалягічнага музэю.
1910 — Вітаўт Тумаш, лекар, скарыназнаўца, беларускі дзяяч міжваеннай пары ў Вільні і дыяспары ў ЗША.
1940 — Вадзім Дапкюнас, савецкі і беларускі тэатральны дзяяч.
У памяці
1859 — памерла Ева Фялінская, пісьменьніца-мэмуарыстка, удзельніца нацыянальна-вызваленчага руху на Беларусі.
1966 — Мацьвей Манізер, беларускі скульптар, аўтар помніка Леніну ў Менску.
1968 — памёр Джон Стэйнбэк, амэрыканскі пісьменьнік.
2004 — Васіль Мядзелец, дзяяч беларускага супраціву, вязень ГУЛАГу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Адчуваньне, што мы ідзём да сур’ёзнай драмы». Былога дэпутата Антончыка пакаралі за камяні з «Пагоняй»