У сьпіс трапілі зарэгістраваныя ў Менску кампаніі «ТэхнаспэцтрэйдынгЭкспарт» і «Тэхнаспэцтрэйдынг», а таксама кампанія LLC World Chem Trading Co., зарэгістраваная ў Дубаі.
Гэтыя кампаніі выступаюць адпраўнікамі-экспартэрамі зь Беларусі ў Польшчу мачавіны і сумесі мачавіны і нітрату амонію ў водным або аміячным растворы, але самі іх не вырабляюць.
У санкцыйным сьпісе Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы адзначаецца, што вытворчасьць сумесі мачавіны і нітрату амонію (іначай кажучы, карбаміду і аміячнай салетры) магчымая толькі на «вельмі буйных і затратных прамысловых устаноўках, падрыхтоўка і рэалізацыя якіх займае некалькі гадоў», і што «немагчыма раптоўна перанесьці або арганізаваць вытворчасьць гэтай прадукцыі». Ведамства зрабіла выснову, што сапраўдны вытворца ўгнаеньняў — прадпрыемства «Гродна Азот», якое з 2 сьнежня 2021 году ўключанае ў санкцыйны сьпіс Эўразьвязу.
Купляючы прадукцыю ў «Гродна Азоту» (наўпрост ці праз пасярэднікаў) і пасьля экспартуючы яе ў Польшчу, названыя кампаніі парушаюць санкцыйныя абмежаваньні, да якіх адносіцца забарона на ўвоз і вываз беларускай прадукцыі ад падсанкцыйных суб’ектаў, гаворыцца ў паведамленьні.
Вышэйназваныя кампаніі чакае замарожваньне ўсіх сродкаў і эканамічных рэсурсаў, забарона на прадастаўленьне любых сродкаў ці эканамічных рэсурсаў і выключэньне з працэдуры польскіх дзяржаўных закупак ці конкурсных працэдур.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча западозрыла беларускае прадпрыемства ў продажы прадукцыі «Гродна Азоту» і наклала на яго санкцыі- 28 лістапада 2024 году Польшча ўвяла санкцыі ў дачыненьні да зарэгістраванай у Беларусі кампаніі «НФТ», якая таксама займалася экспартам у Польшчу мачавіны і нітрату амонію.
- Польшча дамагаецца ўвядзеньня Эўразьвязам 30-працэнтнага мыта на імпарт угнаеньняў зь Беларусі і Расеі. Раней паведамлялі, што за сем месяцаў 2024 году Польшча імпартавала зь Беларусі 185,5 тысячы тон угнаеньняў, а за той жа пэрыяд 2023 году — толькі 13,4 тысячы тон, то бок за год імпарт вырас амаль у 14 разоў. Імпарт у Польшчу з Расеі за год вырас у 2,9 раза. Па выніках першага паўгодзьдзя 2024 году Беларусь знаходзілася на трэцім месцы па аб’ёме паставак у Польшчу азотных угнаеньняў, саступаючы толькі Расеі і Нямеччыне, але апярэджваючы Літву, Альжыр, Вугоршчыну, Нідэрлянды, Казахстан і Нігерыю. Беларускія камбінаваныя ўгнаеньні ў студзені—чэрвені 2024 году занялі шостую пазыцыю на польскім рынку сярод усіх пастаўшчыкоў.
- 20 лістапада Польшча, Літва, Латвія і Эстонія зьвярнуліся ў Эўракамісію зь лістом з просьбай увесьці мыта на ўгнаеньні зь Беларусі і Расеі на ўзроўні Эўразьвязу.