У Курскай вобласьці загінулі і атрымалі раненьні сотні салдат КНДР, — СМІ

Ілюстрацыйнае фота. Самаходная 122-мм РСЗА «Град» вядзе агонь па ўкраінскіх пазыцыях у Курскай вобласьці Расеі. 3 сьнежня 2024 году

У Курскай вобласьці загінулі або атрымалі раненьні сотні паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, паведамляюць Associated Press і The New York Times са спасылкай на высокапастаўленага чыноўніка Пэнтагону. Гэта першая ацэнка стратаў кантынгенту КНДР, які ваюе на баку Расеі.

Суразмоўца AP не назваў дакладнай колькасьці загінулых, але адзначыў «значныя страты з прычыны адсутнасьці баявога досьведу ў паўночнакарэйскіх войскаў».

Паводле зьвестак ЗША, у баях удзельнічае паўночнакарэйская пяхота, якая дзейнічае як разам з расейскімі падразьдзяленьнямі, так і самастойна.

Раней Пэнтагон і Белы дом паведамлялі пра страты паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у першых баях у Курскай вобласьці, але падрабязнасьцяў не прыводзілі. Associated Press сьцьвярджае, што Расея ў вайне супраць Украіны губляе да 1200 чалавек забітымі і параненымі штодня, але страты асабовага складу пакуль удаецца кампэнсаваць.

У кастрычніку ў Расею, паводле зьвестак выведак ЗША і Паўднёвай Карэі, прыбылі ад 10 да 12 тысяч паўночнакарэйскіх вайскоўцаў, якіх задзейнічалі ў Курскай вобласьці.

Паводле ацэнкі AP, расейскія войскі адваявалі каля 20% ад тэрыторыі Курскай вобласьці, страчанай падчас украінскага наступу, распачатага ў жніўні.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жаўнеры з КНДР хочуць замацавацца пад прыкрыцьцём расейцаў». Як выглядаюць штурмы ў Курскай вобласьці