Прыкладна а 15-й гадзіне дня 18 сьнежня віцебскія ратавальнікі выехалі па паведамленьні аб узгараньні ў царкве на вуліцы 3-й Азіна ў Віцебску, паведамляе прэс-служба Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі.
Пасьля прыбыцьця на месца выкліку ратавальнікі пабачылі моцнае задымленьне ўнутры царквы. На месцы пажару працавалі 9 адзінак пажарнай тэхнікі і 26 чалавек асабовага складу.
У 16.17 прэс-служба МНС паведаміла, што ратавальнікі ліквідавалі пажар. Пацярпелых няма.
Пажар адбыўся ў царкве Ўсьпеньня Прасьвятой Багародзіцы Віцебскай паморскай стараверскай грамады. Царкву пабудавалі ў 1930-я гады, у 1954 годзе перабудавалі, у 1990-я абклалі цэглай.
13 сьнежня ў Віцебску здарыўся буйны пажар у гандлёвым цэнтры «Беларусь». Пажар ахапіў 2 тысячы квадратных мэтраў, на тушэньні працавалі 90 працаўнікоў МНС і 21 адзінка спэцтэхнікі. З будынку эвакуавалі 215 чалавек. Каб патушыць пажар, ратавальнікам спатрэбілася каля 5 з паловай гадзін.
Падчас пажару пацярпелі 16 чалавек, яшчэ чацьвёра пазьней зьвярнуліся па псыхалягічную дапамогу. На 18 сьнежня ў бальніцах застаюцца 9 пацярпелых на пажары, адна жанчына — у цяжкім стане.
У адміністрацыі Лукашэнкі паведамілі, што гандлёвы цэнтар пасьля пажару сур’ёзна пацярпеў і яго плянуюць зьнесьці. Гэта быў адзін з найбуйнейшых пажараў у Віцебскай вобласьці за апошні час.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віцебскі гандлёвы цэнтар «Беларусь» пасьля пажару зьнясуць