Намесьнік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Душчык у інтэрвію PAP заявіў пра выпадак, калі беларускія службы падкінулі цела памерлага мігранта на тэрыторыю краіны. Ён сказаў пра гэта ў час адказу на пытаньне аб эфэктыўнасьці працы ратавальных атрадаў, арганізаваных пры Памежнай варце для аказаньня дапамогі мігрантам, якія трапілі ў складаныя сытуацыі на мяжы.
«Такіх трагічных падзей сёлета відавочна менш, чым у 2023 годзе. Аднак трэба разумець дзеяньні беларускіх службаў, бо калі мы ў дыскусіі падчас грамадзкіх слуханьняў засяродзіліся на пытаньні сьмерці на мяжы, беларусы разыгралі гэтую карту і проста падкінулі нам памерлага чалавека ля памежнай агароджы. Вядома, гэта быў элемэнт гібрыднай вайны і праверка нашай рэакцыі. Мы прынялі цела для таго, каб апазнаць яго і пахаваць. Беларусы адмовіліся прыняць яго назад. Гэта іхная гульня», — сказаў ён, не ўдакладніўшы, калі менавіта адбыўся эпізод.
Раней Дзяржаўны памежны камітэт Беларусі неаднаразова абвінавачваў польскі бок у жорсткім абыходжаньні зь мігрантамі, іх выправаджэньні на тэрыторыю Беларусі, а таксама сьмерці мігрантаў. Некаторыя праваабарончыя арганізацыі вінавацілі Польшчу ў парушэньні міжнародных абавязаньняў за адмову прымаць уцекачоў, якія штурмавалі мяжу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча падоўжыла дзеяньне буфэрнай зоны на мяжы зь Беларусьсю яшчэ на 90 дзёнУ інтэрвію Душчык таксама пацьвердзіў пляны ўраду прыняць заканадаўчы акт аб мэханізьме часовага прыпыненьня права на падачу заяў на прытулак. Раней ён быў прапісаны ў міграцыйнай стратэгіі ўраду. Нядаўна такія захады афіцыйна падтрымала Эўракамісія. Цяпер плян рэалізацыі міграцыйнай стратэгіі ўжо гатовы, ён накіраваны ў некалькі міністэрстваў.
Ён таксама назваў умовы для прыпыненьня права на падачу заявы аб міжнароднай абароне. Гэта час, калі тэрыторыя дзяржавы пад пагрозай. Напрыклад, калі міграцыю выкарыстоўваюць як інструмэнт ці зброю супраць краіны.
Намесьнік міністра ўнутраных спраў адзначыў, што прыкладам такой сытуацыі можа быць спроба штурму мігрантамі памежнага пераходу «Кузьніца» ў 2021 годзе, але таксама і падобныя дзеяньні на іншых участках мяжы: у лесе, на балоце і г. д.
Пры гэтым чыноўнік адзначыў, што размовы пра прыпыненьне выдачы права на міжнародную абарону не вядзецца. Гаворка толькі пра часовае прыпыненьне такога права і ў вельмі спэцыфічных сытуацыях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы абвешчаны ў вышук беларус, якога падазраюць у датычнасьці да дывэрсіяў ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Польшчы заявілі, што падазраваны ў забойстве польскага вайскоўца на беларускай мяжы трапіў у Эўразьвяз