Падчас афіцыйнага візыту ў Аман Аляксандар Лукашэнка наведаў Нацыянальны музэй у сталіцы дзяржавы Маскаце.
Калі Лукашэнка выйшаў з аўтамабіля і запытаўся: «Кажуць, тут беларус ёсьць?», Джамаль Аль Мусаві адказаў па-беларуску: «Так. Добрай раніцы». Праўда, далей яны размаўлялі па-расейску.
Зьвестак пра бацькоў гендырэктара музэю няшмат. Нарадзіўся Джамаль аль Мусаві ў Расеі, ягоны бацька некалі вучыўся і працаваў у Савецкім Саюзе, а маці Галіна родам зь беларускай Рэчыцы.
Па прафэсіі Джамаль аль Мусаві культуроляг, вучыўся ў Вялікай Брытаніі. У 2015 годзе, наведваючы пецярбурскі Эрмітаж, аманскі шэйх казаў, што для яго «расейская мова родная, арабская — другая», ведае ён таксама пэрсыдзкую. А ўсяго ён валодае пяцьцю мовамі.
Джамаль аль Мусаві быў прызначаны генэральным дырэктарам Нацыянальнага музэю Султанату Аман у 2017 годзе. Да гэтага ён працаваў куратарам Музэю сучаснага арабскага мастацтва ў сталіцы Катара Досе, рэгіянальным мэнэджарам мастацкіх праектаў краін Пэрсыдзкай затокі, Іраку і Емэну ў Брытанскай радзе.
Лукашэнка, наведваючы Аман, расказаў, што ў Менску пачынаюць будаваць новы будынак Нацыянальнага гістарычнага музэю і таму яму важна паглядзець, як падобныя музэі ўладкаваныя ў іншых краінах. Джамаль аль-Мусаві правёў для яго экскурсію. Кіраўнік Беларусі падарыў гендырэктару музэю «беларуска-мусульманскую кнігу» на трох мовах і асадку зь беларускім арнамэнтам.
Дырэктар галоўнай культурнай установы Аману вызначыў ролю свайго музэю (пабудаванага ў 2013 годзе) як «стратэгічна важную для дзяржавы інстытуцыі». На пытаньне Лукашэнкі, чаму «стратэгічна важную», Джамаль патлумачыў, што музэй адыгрывае ключавую ролю ва «ўмацаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці аманцаў» і адказвае на пытаньне «хто мы і чаму мы маем права на свае месца сярод незалежных нацый», паведамляе БелТА.
Журналістам Джамаль аль-Мусаві расказаў, што сямейная сувязь зь Беларусьсю, паводле архіўных звестак, ідзе з пачатку XVIII стагодзьдзя. Ён таксама ганарыцца, што дзед быў вэтэранам Вялікай Айчыннай вайны. І што да гэтага часу ягоная сям’я падтрымлівае цёплыя адносіны са сваякамі, якія жывуць у Беларусі. Аманскі шэйх прызнаўся, што ў Беларусі адчувае сябе як дома. А сумуе больш за ўсё па прыроднай прыгажоьці: «Па лесе. Лес, возера, рэкі. Мае продкі родам з Рэчыцы, на беразе Дняпра».
Джамаль аль-Мусаві прыяжджаў у Менск у 2019 годзе. У Нацыянальны мастацкі музэй ён прывозіў выставу «Аман: жамчужына Усходу. Рамесная спадчына» з калекцыі Нацыянальнага музэю Султанату Аман.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка ў Султанаце Аман. Замежная палітыка як пераадоленьне комплексаў