У ФСБ Расеі заявілі аб затрыманьні грамадзяніна Ўзбэкістану, які нібыта падарваў расейскага генэрала Кірылава

На месцы выбуху ў Маскве, калі загінула два расейскія вайскоўцы, 17 сьнежня 2024

Затрыманаму пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

У Фэдэральнай службе Расеі паведамілі аб затрыманьні 29-гадовага грамадзяніна Ўзбэкістану, які нібыта прывёў у дзеяньне самаробную выбуховую прыладу каля жылога дома ў Маскве, калі загінулі расейскі генэрал Ігар Кірылаў і ягоны памочнік Ільля Палікарпаў.

«Выканаўца тэракту паведаміў, што быў завэрбаваны ўкраінскімі спэцслужбамі. Для выкананьня іхнага заданьня прыбыў у Маскву, атрымаў самаробную выбуховую прыладу вялікай магутнасьці і ўсталяваў яе на электрасамакаце, які прыпаркаваў каля пад’езду дома Кірылава. Для назіраньня за адрасам пражываньня вайскоўца ён арандаваў каршэрынгавы аўтамабіль, усталяваў у ім Wi-Fi-відэакамэру, запіс зь якой трансьляваўся арганізатарам у онлайн-рэжыме ў г. Дніпро (Украіна). Пасьля атрыманьня відэасыгналу аб выхадзе афіцэраў з пад’езду выбуховую прыладу прывёў у дзеяньне», — адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні.

У ФСБ сьцьвярджаюць, што за гэтае забойства грамадзяніну Ўзбэкістану «ўкраінскія спэцслужбы абяцалі ўзнагароду ў памеры 100 тысяч даляраў ЗША і выезд для пражываньня ў адну з краін Эўразьвязу».

У Сьледчым камітэце Расеі завялі супраць грамадзяніна Ўзбэкістану крымінальную справу паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэксу Расеі: ч. 2 артыкулу 205 («Тэрарыстычны акт»), ч. 2 артыкулу 105 («Забойства»), ч. 1 артыкулу 222.1 («Незаконнае захоўваньне выбуховых рэчываў і прыладаў»), ч. 3 артыкулу 223.1 («Незаконная вытворчасьць выбуховых рэчываў і прыладаў»).

Па сукупнасьці правапарушэньняў затрыманаму пагражае пажыцьцёвае пазбаўленьне волі.

Што папярэднічала

17 сьнежня ў выніку выбуху ў Маскве каля жылога дома на Разанскім праспэкце загінуў начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай, і біялягічнай абароны Расеі, генэрал Ігар Кірылаў і ягоны памочнік Ільля Палікарпаў.

Праз пэўны час пасьля гібелі расейскіх вайскоўцаў у Службе бясьпекі Ўкраіны заявілі аб датычнасьці да арганізацыі «зьнішчэньня ваенных злачынцаў».

Генэрал-лейтэнант Ігар Кірылаў знаходзіўся пад санкцыямі Вялікай Брытаніі. Яго вінавацілі ў датычнасьці да выкарыстаньня хімічнай зброі ва Ўкраіне і да распаўсюду дэзынфармацыі. Раней ЗША і іх хаўрусьнікі прыйшлі да высновы, што Расея выкарыстоўвала атрутнае рэчыва хлёрпікрын супраць украінскіх вайскоўцаў.

Мінібароны Беларусі выказала спачуваньні з нагоды гібелі Кірылава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Маскве ад выбуху загінуў начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай, і біялягічнай абароны Расеі