Топ-50 беларускіх фільмаў склалі рэжысэры і кінакрытыкі да 100-годзьдзя беларускага кіно

Скрыншот са старонкі, прысьвечанай найлепшым фільмам беларускага кіно

У 2024-м беларускаму кіно спаўняецца 100 гадоў — 17 сьнежня 1924 году была створаная кінастудыя «Белдзяржкіно». З гэтай нагоды Беларуская незалежная кінаакадэмія падрыхтавала сьпіс з 50 найлепшых беларускіх фільмаў за ўсю гісторыю.

Каб скласьці сьпіс найлепшых беларускіх фільмаў, у Беларускай незалежнай кінаакадэміі апыталі 49 экспэртаў — рэжысэраў, кіназнаўцаў, кінакрытыкаў, куратараў і іншых — і на падставе іх індывідуальных сьпісаў найлепшых беларускіх фільмаў склалі сьпіс з 50 стужак, якія набралі найбольшую колькасьць згадак у індывідуальных сьпісах экспэртаў.

«Гэта самае маштабнае апытаньне і самы рэпрэзэнтатыўны сьпіс з тых, якія рабіліся дагэтуль», — адзначае кінакрытык Ірэна Кацяловіч, прадстаўніца Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

У сьпісе, акрамя назваў фільмаў і рэжысэраў, сьцісла расказваецца, пра што фільм, якія ўзнагароды атрымаў, прапануюцца спасылкі, дзе яго паглядзець, а таксама сьціслы водгук на фільм аднаго з экспэртаў.

Так, у першай дзясятцы найлепшых фільмаў, паводле экспэртаў, апынуліся:

  • «Ідзі і глядзі» Элема Клімава (1985),
  • «Акупацыя. Містэрыі» Андрэя Кудзіненкі (2004),
  • «Дзікае паляваньне Караля Стаха» Валерыя Рубінчыка (1980),
  • «Цераз могілкі» Віктара Турава (1965),
  • «Прыгоды Бураціна» Леаніда Нячаева (1976),
  • «Усходні калідор» Валянціна Вінаградава (1967),
  • «Мяне завуць Арлекіна» Валерыя Рыбарава (1988),
  • «Заўтра» Юліі Шатун (2007),
  • «Выпадак з пацаном» Сяргея Лабана (2001),
  • «Горад майстроў» Уладзімера Бычкова (1966).

Цалкам сьпіс 50 найлепшых беларускіх фільмаў усіх часоў можна паглядзець па спасылцы.

  • Беларускую незалежную кінаакадэмію (BIFA) афіцыйна адкрылі падчас Бэрлінскага кінафэстывалю ў лютым 2023 году. Яе стварылі для падтрымкі незалежных творцаў беларускага кіно, якія сутыкнуліся з рэпрэсіямі з боку дзяржавы. Кінаакадэмію стварылі ў адказ на «пастаянную пагрозу» перасьледу, турэмнага зьняволеньня і катаваньняў у дачыненьні да незалежных творцаў, якія пражываюць у Беларусі і вымушаныя пакінуць краіну, каб працаваць без рэпрэсій з боку дзяржавы.
  • У склад заснавальнікаў новай акадэміі ўвайшлі рэжысэры Дар’я Жук, Аляксей Палуян і Андрэй Куціла, прадусарка, рэжысэрка і дырэктарка кінафэстывалю «Паўночнае зьзяньне» Вольга Чайкоўская, кінаэкспэрт Ігар Сукманаў, кінакрытык Ірэна Кацяловіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі мы нічога ня зробім, то на нас на ўсіх паставяць крыж». Расказваем пра Беларускую незалежную кінаакадэмію