Беларуса не пусьцілі ў Літву праз налепку на аўтамабілі. Што на ёй было

Ілюстрацыйнае фота

Літоўскія памежнікі адмовілі ва ўезьдзе 33-гадоваму грамадзяніну Беларусі праз налепку з савецкай сымболікай на аўтамабілі, паведаміла Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы.

Мужчына 16 сьнежня перасякаў мяжу ў пункце пропуску Меднікі (зь беларускага боку — Каменны Лог), на лабавым шкле ягонага аўтамабіля «Пэжо Партнэр» была разьмешчаная «чырвоная налепка з контурамі тэрыторыі былога Савецкага Саюзу зь сярпом і молатам», гаворыцца ў паведамленьні.

«Публічная дэманстрацыя гэтага сымбаля ў Літве забароненая», — патлумачылі ў ведамстве прычыну, чаму беларуса не пусьцілі ў Літву.

У выніку мужчына вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь.

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначылі, што такія выпадкі фіксавалі і раней. У прыватнасьці, у верасьні 2024 году ў Літву не пусьцілі фуру з георгіеўскай стужкай на лабавым шкле, — яна ў Літве таксама забароненая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паходжаньне «літвінізму», культ Лукашэнкі і правакацыі спэцслужбаў. Што абмяркоўвалі на беларуска-літоўскай канфэрэнцыі