16 сьнежня ў Беларусі зафіксавалі тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд назіраньняў 

Ілюстрацыйнае фота

Тэмпэратурны рэкорд дня за ўвесь пэрыяд інструмэнтальных мэтэаназіраньняў зафіксавалі 16 сьнежня ў Беларусі, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз апэратыўных і архіўных зьвестак Белгідрамэту.

У Берасьці 16 сьнежня паветра прагрэлася да 10,3 градуса цяпла. Ранейшы максымум пратрымаўся 18 гадоў (9,4 градуса ў горадзе Сянно 16 сьнежня 2006 году). У самім Берасьці быў перакрыты лякальны рэкорд 1950 году (+8,7 градуса). Да таго ж году адносіцца рэкорд, перапісаны ў Пінску (8,9 супраць 8,4).

У Горадні абнавіўся тэмпэратурны рэкорд, які трымаўся 53 гады (плюс 9,6 градуса супраць 8).

Акрамя гэтага, 16 сьнежня новыя тэмпэратурныя рэкорды зафіксавалі яшчэ на 12 беларускіх мэтэастанцыях:

  • у Ганцавічах — плюс 9,9 градуса (7,2 у 2006 годзе),
  • Высокім — 9,7 градуса (7,6 у 1982-м),
  • на «Палескай» у Лунінецкім раёне — 9,7 градуса (7,8 у 2019-м),
  • у Івацэвічах — 9,5 градуса (6,8 у 2006-м),
  • Пружанах — 9,5 градуса (7,5 у 1971-м),
  • Баранавічах — 9 градусаў (6,9 у 2006-м),
  • Ваўкавыску — 8,9 градуса (7,1 у 1971-м),
  • Лідзе — 8,7 градуса (7,5 у 2006-м),
  • Стоўбцах — 7,9 градуса (7,3 у 2006-м),
  • Слуцку — 7,6 градуса (7,1 у 2006-м),
  • Наваградку — 7,5 градуса (6,6 у 2006-м),
  • Мазыры — 7,4 градуса (7,3 у 2006-м).

У двух населеных пунктах — Жыткавічах і Акцябрскім — паўтарыліся рэкорды дня (8,7 і 7,8 градуса адпаведна, абодва зарэгістраваныя ў 2019 годзе).

Вельмі цёплая для гэтай пары году тэмпэратура паветра суправаджалася моцным ветрам, які прывёў да падзеньня дрэваў і парушэньня энэргазабесьпячэньня ў шэрагу раёнаў Берасьцейскай і Горадзенскай абласьцей.

17 сьнежня, паводле прагнозу Белгідрамету, цёплае надвор’е захаваецца. Чакаецца да 9 градусаў вышэй за нуль. Рэкорд дня — 11 градусаў у Берасьці (у 1989 годзе). На асобных мэтэастанцыях могуць быць абноўленыя лякальныя максымумы тэмпэратуры.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сыноптыкі абвясьцілі чырвоны ўзровень небясьпекі для Гомельшчыны і аранжавы — па ўсёй Беларусі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцныя вятры пакінулі 54 населеныя пункты Беларусі без электрычнасьці і павалілі пяць сьвяточных ялінак