У Галоўным упраўленьні выведкі Ўкраіны заявілі, што паўночнакарэйскія падразьдзелы, якія панесьлі вялікія страты ў часе наступальнай апэрацыі ў Курскай вобласьці, укамплектоўваюць новымі вайскоўцамі.
Украінскія вайскоўцы і тэлеграм-каналы паведамілі, што жаўнеры з КНДР упершыню ажыцьцявілі інтэнсіўную атаку на пазыцыі ўкраінскага войска ў Курскай вобласьці. Ішлі роўнымі шэрагамі і ў поўны рост.
Як паведаміў тэлеканалу «Настоящее время» (праект Радыё Свабода пры ўдзеле «Голасу Амэрыкі») вайсковы аглядальнік і галоўны рэдактар украінскага выданьня «Цензор.Нет» Юры Бутусаў, 14 сьнежня каля сяла Малая Локня больш за 200 штурмавікоў асобнымі атрадамі пашлі ў атаку адразу зь некалькіх кірункаў.
«Асноўная іхная тактыка — гэта добра падрыхтаваныя штурмы пяхотай бяз тэхнікі, якія яны робяць ва ўзаемадзеяньні з расейскімі войскамі. Расейская армія забясьпечвае ім агнявую падтрымку, падтрымку сродкамі радыёэлектроннай барацьбы, выведку і кіраваньне. А карэйцы выкарыстоўваюцца як штурмавая пяхота, якую ставяць на тыя кірункі, на тыя ўчасткі фронту, дзе неабходна зьнесьці, проста зачапіцца за пэўныя ўкраінскія пазыцыі, навязаць бліжні бой», — патлумачыў Юры Бутусаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША ўвялі дадатковыя санкцыі супраць Расеі і КНДР
«Дзіўныя капелюшы»
Байцы з падразьдзелу KHORNE GROUP 116-й брыгады Ўзброеных сіл Украіны апісваюць тактыку жаўнераў КНДР наступным чынам: шмат жывой сілы, хваля за хваляй, усё як у часы Карэйскай вайны ў 1950-х гадах мінулага стагодзьдзя.
«Доўгачаканыя паўночныя карэйцы. Слабасьць і адвага — іхная тактыка, іхны козыр — добрая фізычная падрыхтоўка, разьлічваюць на дзеяньні бесьпілётнікаў. Яны носяць вельмі дзіўныя, але сьмешныя капелюшы. Зброю носяць так, нібыта гэта вінтоўка Мосіна. Падобна, яны выкарыстоўваюць такую ж тактыку, што і 70 гадоў таму. Шмат хто загіне, пытаньне толькі ў тым, хто закончыцца раней: нашы снарады і БПЛА — ці іхная пяхота».
Наступствы першага бою ў Telegram-канале прадэманстраваў камандзір брыгады бесьпілётных авіясыстэм «Птушкі Мадзяра» Робэрт Броўдзі.
Паводле яго, на відэа 22 загінулыя штурмавікі, расейскія і паўночнакарэйскія вайскоўцы. Іх вынесьлі зь велічэзнай колькасьці атак. Твары закрытыя. На іншых кадрах — паўночнакарэйцы забіраюць целы сваіх загінулых з поля бою.
Атаку байцоў з КНДР пракамэнтаваў прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі: «Ужо ёсьць папярэднія зьвесткі аб тым, што расейцы пачалі выкарыстоўваць у штурмах жаўнераў з Паўночнай Карэі. Прыкметная колькасьць. Расейцы ўключаюць іх у зводныя падразьдзелы і выкарыстоўваюць у апэрацыях у Курскай вобласьці».
«Пакуль што там, але мы маем інфармацыю аб тым, што магчыма выкарыстаньне і на іншых участках фронту. Страты сярод гэтай катэгорыі ўжо заўважныя. Фактычна Масква ўцягнула ў гэтую вайну яшчэ адну дзяржаву, прычым максымальна ўцягнула. Калі гэта не эскаляцыя, то што тады эскаляцыя, пра якую шмат хто гаварыў?» — дадаў Зяленскі.
Юры Бутусаў мяркуе, што ў часе атакі паўночныя карэйцы змаглі дайсьці да ўкраінскіх пазыцый дзякуючы цудоўнай фізычнай падрыхтоўцы і ігнараваньню стратаў. Яны змаглі захапіць частку акопаў, але ўкраінская абарона ўтрымалася. Неўзабаве ўкраінскія вайскоўцы правялі некалькі пасьпяховых контратак і вярнулі свае пазыцыі.
У Галоўным упраўленьні выведкі Мінабароны Ўкраіны паведамілі, што падразьдзелы КНДР пасьля стратаў укамплектоўваюць новымі сіламі.
У той жа час Дзьмітрый Пяскоў, прэсавы сакратар расейскага прэзыдэнта, адмовіўся адказваць на пытаньне аб стратах паўночнакарэйскіх вайскоўцаў у Курскай вобласьці і пераадрасаваў гэтае пытаньне Міністэрству абароны.
У палон яшчэ не ўзялі
Юры Бутусаў ня ведае, ці былі выпадкі ўзяцьця ў палон паўночнакарэйскіх вайскоўцаў. Паводле яго, расейцы пазьбягаюць такіх сытуацый і ня ставяць перад іншаземцамі задачу зайсьці ў глыбокі тыл праціўніка.
Вайсковы аглядальнік мяркуе, што іх выкарыстоўваюць на тых участках, дзе арміі Расеі не хапае ўласнай добра падрыхтаванай пяхоты.
«Паўночнакарэйцы для іх — дадатковы неабходны жывы матэрыял, каб прарваць фронт. Асноўныя сродкі прарыву фронту ў Расеі зараз — гэта проста пяхотнік з машынай. Такой пяхоты з прафэсійнай падрыхтоўкай Расея даўно ня мае. Кадравых расейскіх пяхотнікаў, якія адважна бегалі ў атакі, перабілі пераважна ў 2022 і 2023 гадах. А новыя папаўненьні, вядома ж, ня маюць такой высокай якасьці», — сказаў Юры Бутусаў.
Паводле яго, для расейскага камандаваньня паўночнакарэйцы — гэта даўно чаканая рэзэрва, пры дапамозе якой яны хочуць зламаць пэўныя вузлы ўкраінскай абароны. «Баі ў Курскай вобласьці працягваюцца. Групы паўночнакарэйцаў спрабуюць замацавацца пад прыкрыцьцём расейскіх войскаў. Яны накіроўваюць туды падмацаваньне. Жорсткія баі працягваюцца ўжо трэці дзень».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьявіліся фота дзясяткаў загінулых вайскоўцаў РФ на Курскім кірунку, сярод іх ёсьць паўночнакарэйцыРасейцы зьдзекуюцца над целамі загінулых карэйцаў
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі ў ноч на 17 сьнежня апублікаваў відэазапіс, у камэнтары да якога ён паведаміў, што расейцы пасьля баёў з украінскімі вайскоўцамі «спрабуюць... літаральна спаліць твар забітых паўночнакарэйскіх вайскоўцаў».
«Гэта дэманстрацыя той пагарды, якая цяпер пануе ў Расеі — пагарды да ўсяго чалавечага. Няма ніякіх прычын, каб карэйцы ваявалі і гінулі за Пуціна. І нават пасьля гібелі іх ад Расеі чакае толькі зьдзек», — напісаў Уладзімір Зяленскі ў сваім тэлеграм-канале.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пачала прыцягваць вайскоўцаў КНДР да ўдзелу ў штурмах, — Зяленскі