Улады Краснадарскага краю Расеі і мясцовыя жыхары паведамілі, што мазут пасьля аварыі расейскіх танкераў разьліўся на дзясяткі кілямэтраў уздоўж берага Керчанскай пратокі.
«Нафтапрадукты вынесла на бераг на некалькіх дзясятках кілямэтраў ад пасёлка Весялоўка ў Цемруцкім раёне і да станіцы Благавешчанскай у Анапе», — паведаміў губэрнатар Веньямін Кандрацьеў у сваім Telegram-канале.
Як паведаміла Расейская служба Радыё Свабода, мясцовыя жыхары знаходзяць на беразе птушак у мазуце, якія ня могуць самастойна ўзьляцець, і сабак. У паветры адчуваецца моцны пах нафты, які выклікае млосьць і сьлёзы.
Кубанскі губэрнатар паведаміў, што ў двух муніцыпалітэтах разгарнулі апэратыўныя штабы, над наступствамі разьліву нафты працуюць 267 супрацоўнікаў службаў і валянтэраў, задзейнічалі 50 адзінак тэхнікі.
15 сьнежня ў штармавых умовах у Керчанскай пратоцы пацярпелі аварыю два расейскія судны з нафтапрадуктамі — «Волгонефть-212» і «Волгонефть-239».
МНС Расеі паведаміла пра гібель аднаго марака. У выніку стыхіі адбыўся разьліў нафтапрадуктаў. Маштабы пакуль невядомыя.
Як паведамляюць расейскія СМІ, «Волгонефть-212» перавозіла 4300 тон мазуту. Выданні Shot і Baza сьцьвярджаюць, што прыкладна такая ж колькасьць нафтапрадуктаў была і на борце «Волгонефть-239».
Па факце катастрофы расейскія сілавікі завялі дзьве крымінальныя справы.
Эколягі мяркуюць, што гэтая аварыя паўплывае на экалёгію ў рэгіёне на доўгія гады.
Дырэктарка Greenpeace ва Ўкраіне Натальля Гозак нагадала, што падобны выпадак адбыўся ў 2007 годзе, калі ў Керчанскай пратоцы затануў танкер «Волгонефть», у выніку чаго ў мора вылілася каля 1,5 тысячы тон нафты. Па словах Гозак, нават праз год канцэнтрацыя нафтапрадуктаў у вадзе ў дзесяць разоў перавышала дапушчальныя нормы.
«У выніку дзясяткі кілямэтраў забруджанага ўзьбярэжжа па абодва бакі пратокі. Большая частка гэтых прадуктаў апусьцілася на дно і, як вынік, пацярпела харчовая база марской біёты. На ўзьбярэжжы ўтварыліся буйныя плямы мазуту, якія патрабавалі ліквідацыі. Яны ўплываюць на ўсё марское жыцьцё», — падкрэсьліла яна.
Дырэктарка ўкраінскай Greenpeace дадала, што ліквідацыя наступстваў такога забруджваньня патрабуе намаганьняў не адной установы, а міжнароднага супрацоўніцтва.