Моцныя вятры пакінулі 54 населеныя пункты Беларусі без электрычнасьці і павалілі пяць сьвяточных ялінак

Ліквідацыя наступства ўрагану, архіўнае фота

Праз стыхію на Слонімшчыне загінулі жывёлы. Моцны вецер прынёс і іншыя разбурэньні.

Міністэрства надзвычайных сытуацый Беларусі расказала, што прынесла непагадзь 16 сьнежня. У гэты дзень у краіне назіраліся парывы ветру хуткасьцю да 26 м/с. Усяго пацярпелі 54 населеныя пункты, больш за ўсё ў Берасьцейскай вобласьці — 34.

У зводцы міністэрства адзначана, што пашкоджаны дахі 21 жылога дома, адна гаспадарчая пабудова, адзін аб’ект сацыяльна-культурнага жыцьця і 79 сельскагаспадарчых будынкаў. У выніку разбурэньня кароўніка ў вёсцы Ваўчкі Слонімскага раёну загінулі 5 кароў, работнікі МНС і гаспадаркі выратавалі 44 каровы.

Таксама зафіксавана 50 выпадкаў падзеньня дрэваў. Упалі і 5 навагодніх ялінак: тры ў Горадні і па адной у Заслаўі і Калінкавічах.

Пацярпелых сярод людзей няма.

17 сьнежня ў Беларусі захоўваецца аранжавы ўзровень небясьпекі. На большай частцы тэрыторыі чакаецца ўзмацненьне ветру парывамі да 15–20 м/с, у Менску — да 15–18 м/с.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Моцны вецер на Горадзеншчыне парушыў электразабесьпячэньне 71 населенага пункту, на Берасьцейшчыне — 42