Пратэстоўцы віталі яе бурнымі аплядысмэнтамі, заяўляючы, што Зурабішвілі зьяўляецца адзіным законным кіраўніком дзяржавы. Дзякавалі за тое, што «прэзыдэнт робіць для Грузіі».
Зурабішвілі не давала камэнтароў для СМІ.
Адзначым, што на 18-ы дзень пратэстаў супраць рашэньня «Грузінскай мары» замарозіць пытанне перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ, у сталіцы праходзяць маршы пратэсту — прадстаўнікі сфэры мастацтва, фатографы, рэстаўратары, уцекачы з акупаваных рэгіёнаў Грузіі, назіральнікі за выбарамі 26 кастрычніка.
Акцыі пратэсту ў Тбілісі і па ўсёй Грузіі пачаліся пасьля таго, як вечарам 28 лістапада прэм'ер-міністр Іраклі Кабахідзэ аб'явіў аб прыпыненьні перамоваў аб уступленьні ў ЭЗ. Паводле яго, Тбілісі адкладзе пачатак перамоваў з Эўразьвязам да канца 2028 году, а да 2030 году далучыцца да ЭЗ. Кабахідзэ патлумачыў гэтае рашэньне абразьлівым для Грузіі «шантажом» з боку некаторых эўрапейскіх палітыкаў і чыноўнікаў.
Шэраг НДА заяўляюць аб бесчалавечным абыходжаньні паліцыі з затрыманымі ўдзельнікамі акцыі і незаконнымі дзеяньнямі МУС Грузіі падчас разгону акцыі пратэсту.